Мінадукацыі хоча аднавіць летнія школы беларускай мовы
Міністэрства адукацыі прапануе аднавіць практыку правядзення міжнародных летніх школ беларускай мовы.
Пра гэта сказана ў прывітальным слове міністра Міхаіла Жураўкова, якое на адкрыцці VI Міжнароднага кангрэса беларусістаў 28 мая ў Мінску зачытаў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Важнік, паведамляе БелаПАН.
«Калісьці быў добры вопыт правядзення ў Беларусі міжнародных летніх школ беларускай мовы, але, на жаль, такія школы не былi рэгулярнымі, — адзначыў міністр у прывітанні ўдзельнікам кангрэса. — Мы прапануем аднавіць гэтую добрую традыцыю з улікам таго цікавасці да беларускай мовы і культуры, які ёсць сёння ў свеце».
«Як калісьці адзначыў Хайдэгер, мова — дом быцця. Беларуская мова — гэта дом быцця беларусаў, што нельга не ўлічваць пры будаўніцтве нацыянальнай сістэмы адукацыі. Сістэму адукацыі той ці іншай краіны можна таксама параўнаць з домам. Мне б вельмі хацелася, каб у нашым доме ўсе мы знайшлі агульную мову», — дадаў чыноўнік.
Жураўкоў у сваім прывітанні падкрэсліў важнасць таго, што кангрэс праходзіць пад знакам 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў 2017 годзе.
Не выпадкова, адзначыў ён, на кангрэсе адбудзецца круглы стол «Францыск Скарына і яго час», паколькі «асоба Скарыны асабліва цікавая тым, што і да сённяшняга дня беларускі першадрукар з'яўляецца правадніком беларускай нацыянальнай ідэі ў свет еўрапейскай навукі і культуры».
«Спадзяемся, што з лёгкай рукі асветніка VI Міжнародны кангрэс беларусістаў паспрыяе развіццю новых даследаванняў у галіне беларусістыкі, перш за ўсё ў мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, філасофіі і гісторыі», — падсумаваў міністр адукацыі.