Міністэрства аховы здароўя дазволіла правядзенне партнёрскіх родаў
Але з умовамі і абмежаваннямі.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі дазволіла правядзенне партнёрскіх родаў пры ўмове выканання санітарна-супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў па COVID-19. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства. Год таму партнёрскія роды ў краіне былі адмененыя.
— Такое рашэнне [дазвол на правядзенне партнёрскіх родаў] прынята на аснове аналізу сітуацыі ў краінах-суседках па вядзенні партнёрскіх родаў, а таксама з улікам вялікай колькасці зваротаў грамадзян. Спецыялісты ўпэўненыя, што гэта пацягне за сабой значнае паляпшэнне псіхаэмацыйнага стану парадзіхі, — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.
Аднак з-за каронавіруса ўсё ж ёсць некалькі ўмоў і абмежаванняў:
- партнёрскія роды праводзяцца пры строгім выкананні санітарна-супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў па інфекцыі COVID-19 і ў асобных індывідуальных радзільных залах;
- наяўнасць у партнёра медыцынскай даведкі аб стане здароўя і адсутнасці кантакту з інфекцыйнымі пацыентамі не пазней за 2-5 дзён да даты правядзення партнёрскіх родаў;
- наяўнасць у партнёра адмоўнага выніку ПЦР-тэсту на наяўнасць віруса COVID-19, выкананага не пазней за 2-5 дзён да даты правядзення партнёрскіх родаў, або адмоўнага выніку экспрэс-тэсту на антыген COVID-19, праведзенага партнёру ў прыёмным аддзяленні радзільнага стацыянара арганізацыі аховы здароўя;
- правядзенне партнёру тэрмаметрыі і апытання аб стане здароўя ў арганізацыі аховы здароўя;
- правядзенне партнёрам гігіенічнай апрацоўкі рук з выкарыстаннем антысептычнага / дэзінфікуючага сродка для апрацоўкі скуры рук перад уваходам у аддзяленне (радзільную залу);
- выкарыстанне партнёрам сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання (медыцынская маска або рэспіратар), а таксама іншых сродкаў індывідуальнай аховы і санітарнага адзення ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадку арганізацыі аховы здароўя.
Партнёр не дапускаецца да родаў:
- у выпадку невыканання адной з названых вышэй умоў;
- захворвання інфекцыяй COVID-19 парадзіхі альбо партнёра;
- у выпадку аднясення парадзіхі або партнёра да кантактаў 1-га ўзроўню;
- пры тэмпературы вышэй 37°C і / або наяўнасці сімптомаў рэспіраторнага захворвання.
Нагадаем, партнёрскія роды ў Беларусі адмянілі год таму з-за каронавіруса.
tut.by