Мінздароўя: У бліжэйшы час пачнуцца даклінічныя выпрабаванні беларускай вакцыны ад COVID-19 на жывёлах
У РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ў бліжэйшы час плануюць пачаць даклінічныя выпрабаванні беларускай вакцыны ад COVID-19 на жывёлах. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
— У бліжэйшы час мы падыдзем да стадыі імунізацыі жывёл — яна зойме не менш за месяц, — адзначыў Анатоль Красько, загадчык лабараторыі біябяспекі. Паводле яго слоў, «плануецца, што прататып вакцыны мы атрымаем да восені. А клінічныя выпрабаванні ўжо будзем праводзіць у наступным годзе».
У Мінздароўя заяўляюць, што «айчынная вакцына будзе эфектыўная незалежна ад цыркуляванага штаму COVID-19».
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка падпісаў распараджэнне аб стварэнні айчыннай вакцыны супраць каронавіруса.
Сустракаючыся ў канцы сакавіка з Дзмітрыем Піневічам, Лукашэнка заявіў, што Міністэрству аховы здароўя і НАН неабходна ў самыя кароткія тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну.
Дзмітрый Піневіч запэўніў, што да восені павінен з'явіцца першы ўзор беларускай вакцыны — так званая «вакцына ў прабірцы». Да канца года выпусцяць доследна-прамысловую партыю, а ў наступным годзе пачнецца прамысловая вытворчасць.
Аб неабходнасці стварэння ўласнай вакцыны Лукашэнка загаварыў у канцы мінулага года. Ён распавёў, што прапановы па яе вырабе яму прадставілі спецыялісты з Віцебска і навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук. І заявіў, што на гэта спатрэбяцца «грошы невялікія, каля 5 мільёнаў рублёў», а свая вакцына неабходная нам таму, «што гэтая зараза застанецца з намі назаўжды».
У Акадэміі навук, зрэшты, заяўлялі, што на распрацоўку беларускай вакцыны сыдзе не менш за тры гады. У канцы снежня праца вялася толькі на стадыі планавання.
Зараз прышчапіцца ад каронавіруса беларусы могуць расійскай вакцынай «Спутник V» і кітайскай «Vero Cell».
Паводле tut.by