Міністр адукацыі не ведае, дзе знаходзіцца «Гарвард»?
Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў дапусціў прыкрую памылку.
«Салідарнасць» паспрабавала разабрацца, чаму міністр адукацыі кажа аб Балонскім працэсе, а прамаўляе — «Гарвард».
У інтэрв'ю БелТА, прысвечаным далучэнню Беларусі да Балонскага працэсу, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў зрабіў цікавую агаворку. Заспакойваючы асцярогі, што эпахальная падзея можа
справакаваць адток студэнтаў і спецыялістаў з краіны, чыноўнік заўважыў:
— Калі хто-небудзь думае, што можна паступіць у БДУ, напрыклад, а
потым з'ехаць і скончыць Гарвард, то памыляецеся. Еўрапейская практыка ў асноўным такая: у якую ВНУ студэнт паступаў і пачынаў вучыцца, такую ВНУ ён і заканчвае.
Цяжка паверыць, што міністр адукацыі не ведае, што Гарвард — найбуйнейшы універсітэт ЗША, адзін з самых вядомых у свеце — не мае ніякага дачынення да Балонскага працэсу, які дзейнічае на тэрыторыі краін
Еўропы.
Магчыма, міністр адукацыі думае «Оксфард», а прамаўляе «Гарвард»? Ці ж агаворка Міхаіла Жураўкова мае іншую прыроду, не звязаную з агаворкамі ці
недасведчанасцю. За дзесяцігоддзі кіравання Лукашэнкі беларускія чыноўнікі выпрацавалі здольнасць ва ўсім прытрымлівацца любых указанняў зверху, нават калі часам яны памылковыя.
Згадка міністрам Жураўковым «Гарварда» ў кантэксце размовы аб далучэнні да Балонскага працэсу магла быць выкліканая даўнім пасажам Лукашэнкі на тэму вядомага амерыканскага
ўніверсітэта.
У 2006 годзе падчас адкрыцця Палескага ўніверсітэта Лукашэнка агучыў ідэю стварэння на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) даследча-вытворчага
адукацыйнага комплексу. Будучы комплекс кіраўнік дзяржавы назваў «беларускім Гарвардам».
Як бачым — зноў «Гарвард». Хоць у гэтым
выпадку, калі ужо гаворка зайшла пра БДУІР, больш дарэчы было б правесці паралель са «Стэнфардам» — кузняй кадраў для амерыканскай Сіліконавай даліны. Бо Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
інфарматыкі і радыёэлектронікі стаў тым жа для нашага Парку высокіх тэхналогій.
Але, слова не верабей, фразу пра «беларускі Гарвард» падхапілі СМІ, і гэтыя словы, магчыма, заселі ў галовах у беларускіх чыноўнікаў.
gazetaby.com