Мінкультуры падтрымала ідэю ўсталяваць макет Мінскага замчышча ў цэнтры сталіцы

Міністэрства культуры падтрымлівае ініцыятыву грамадскіх актывістаў усталяваць макет Мінскага замчышча ў гістарычным цэнтры сталіцы. Гэта вынікае з адказу намесніка міністра Аляксандра Яцко на зварот кіраўніка грамадскага з'яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) Алега Корбана.

mosty_005.jpg


Адзначаецца, што міністэрства падтрымае гэтую прапанову пры ўмове «выканання Палажэння аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Беларусі», зацверджанага пастановай Савета Міністраў № 1372 ад 19 верасня 2008 года.

adkaz_minkulta.jpg


“Паводле нашай інфармацыі, камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама на адным з бліжэйшых паседжанняў мусіць дадаткова разгледзіць пытанне адносна прапановы па стварэнню макета Менскага замчышча. Раней гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася, вырашалася, дзе яго магчыма ўсталяваць, напрыклад, у будучым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея, які мусіць адкрыцца на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў, ці ў цэнтры горада. І вось зараз Мінкультуры пагадзілася з тым, што ўсталёўка макета магчыма ў цэнтры горада — на адной з будучых пешаходных вуліц. Калі ўлада дакладна вырашыць, што макету замчышча быць, калі будзе вырашана месца яго ўсталёўкі, вызначаны яго кошт, распрацоўнік праекта, напрыклад «Мінская спадчына», то мы нават будзем гатовы абвясціць народны збор сродкаў на яго стварэнне праз краўдфандынгавы праект”, — каментуе Алег Корбан.
Адзначым, у жніўні мінулага года актывісты «Альтэрнатывы» сабралі больш тысячы подпісаў пад зваротам да сталічных улад і Мінкультуры з прапановай усталяваць у Мінску плоскасны макет старажытнага замчышча.