Мінскі тэатр з асаблівымі акцёрамі прадставіць інклюзіўныя казкі-навэлы
У Беларусі прадставяць пастаноўку «Дрэва казак», у якой будуць іграць і дзеці з аўтызмам. Урачы, псіхолагі і спецыялісты сцвярджалі, што людзі з аўтызмам з цяжкасцю могуць глядзець іншым у вочы. Тэатр даказаў, што яны здольныя іграць на сцэне так, што гледачы не могуць адрозніць іх ад іншых акцёраў.
Спектакль пакажа ў Мінску Сямейны інклюзіў-тэатр «і» пры падтрымцы тэлеком-аператара velcom.
«Дрэва казак» — гэта серыя міні-навэл. У іх дзеці паспрабуюць данесці да масавай аўдыторыі ідэі грамадства роўных магчымасцяў, а таксама непаўторнасці кожнага чалавека і такіх якасцяў як дабро, узаемадапамога і сяброўства.
Урыўкі новага спектакля прадставяць на Міжнародным конкурсе «Скрыжаваннi. Miнск», які пройдзе ў сталіцы з 16 па 18 сакавіка. Тэатральная пляцоўка ў чацвёрты раз збярэ ўдзельнікаў з Беларусі, краін СНД і Еўрасаюза. Змагацца за ўзнагароды інклюзіўны тэатр будзе нароўні з вядомымі еўрапейскімі трупамі, не акцэнтуючы ўвагу на асаблівасцях сваіх акцёраў.
Сямейны інклюзіў-тэатр працуе ўжо два гады. За гэты час ён прадставіў публіцы тры спектаклі: мюзікл «Флейта-чарадзейка», які з аншлагам прайшоў па гарадах Беларусі, казку «Чыгунка» паводле п'есы таленавітага хлопчыка з аўтызмам і экалагічную пастаноўку «Казка воўчага лесу». Зараз трупа паставіла перад сабой новую задачу — у адным спектаклі распавесці некалькі гісторый. Юным акцёрам трэба будзе ўвасобіць на сцэне вобразы адразу некалькіх персанажаў.
«Кожны спектакль ставіць перад нашымі артыстамі новыя, больш складаныя задачы. Нам удалося сабраць вакол сябе вялікую колькасць прафесійных педагогаў з адкрытым сэрцам, якія не шкадуюць ў тым ліку асабістага часу на падрыхтоўку акцёраў. Яны здолелі дасягнуць узрушаючага выніку ў працы з дзецьмі з аўтызмам, — растлумачыў прадзюсар тэатра Леанід Дзінерштэйн. — Пастаноўку падтрымалі і шматлікія кампаніі, напрыклад, velcom як генеральны партнёр тэатра, а таксама Банк «Рашэнне» і Белросстрах. Ідэя стварэння грамадства роўных магчымасцяў праз тэатр, як выявілася, блізкая і цікавая многім».
Паўнавартасная прэм'ера новага спектакля пройдзе ў Мінску 2 красавіка. Тады ж публіцы прадставяць фільм, які распавядае пра ўключэнне асаблівых дзяцей у грамадства на прыкладзе выхаванцаў тэатра.
Дакументальны фільм больш за год здымаў беларускі рэжысёр Сяргей Ісакаў на бязвыплатнай аснове. Паказ карціны для шырокай аўдыторыі падтрымала кампанія velcom.
«Калі мы толькі ініцыявалі стварэнне Сямейнага інклюзіў-тэатра «і», ніхто не ведаў, ці будзе ўдалым вопыт тэатратэрапіі. Урачы, псіхолагі і спецыялісты сцвярджалі, што людзі з аўтызмам з цяжкасцю могуць глядзець іншым у вочы. Тэатр жа даказаў, што яны здольныя нават іграць на сцэне, прычым так, што гледачы не могуць адрозніць іх ад іншых акцёраў», — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.
Прэм'ера спектакля «Дрэва казак» пройдзе на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры ветэранаў у Мінску 2 красавіка, у Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму. Тады ж усе жадаючыя змогуць паглядзець урыўкі фільма пра выхаванцаў тэатра.