Міжнародны інклюзіўны форум: беларусам раскажуць, як тэатратэрапія дапамагае людзям з аўтызмам

Беларусы стварылі унікальную методыку сацыялізацыі дзяцей з аўтызмам. Вынікі 2-гадовай працы будуць прадстаўлены на міжнародным форуме «Тэатр і аўтызм», які ўпершыню пройдзе ў Мінску 19-20 кастрычніка.

spektakl.jpg

Эксперты з Беларусі і краін Еўрасаюза падзеляцца вопытам інтэграцыі ў грамадства асаблівых людзей з выкарыстаннем карэкцыйна-развіваючага навучання і тэатратэрапіі.
Ініцыятарам форуму выступілі Сямейны інклюзіў-тэатр «і» пры падтрымцы кампаніі velcom. Асноўная мэта — абмен вопытам паміж усімі зацікаўленымі арганізацыямі, якія займаюцца інклюзіяй асаблівых людзей.
«Эксперты па ўсім свеце прызнаюць, што тэатр спрыяе сацыялізацыі асаблівых людзей. Але мы дамагліся значных поспехаў у інклюзіі менавіта дзяцей з аўтызмам, — патлумачыла мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова. — Асноўная складанасць — знайсці аптымальныя суадносіны акцёраў такім чынам, каб з аднаго боку творчы працэс не ператвараўся ў хаос, а з другога боку — дапамагчы максімальнай колькасці асаблівых дзяцей. Нам удалося знайсці ідэальную прапорцыю звычайных і асаблівых дзяцей у трупе. За 2 гады нашы маленькія акцёры палепшылі свае камунікатыўныя, сацыяльныя і кагнітыўныя навыкі».
Падчас форуму адбудзецца семінар «Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы». Такі маштабны дыялог пра аўтызм з прыцягненнем арганізацый з розных краін у Беларусі пройдзе ўпершыню. Удзельнікі абмяркуюць праблемы інклюзіі, а таксама падзеляцца прыкладамі паспяховай сацыялізацыі асаблівых людзей. Будзе закранутая тэма прыцягнення дзяржавы і бізнесу да партнёрства ў падобных праектах.
«Буйныя прыватныя кампаніі гатовы дапамагаць пашырэнню сацыяльных праектаў, якія сапраўды прыводзяць да добрых вынікаў. У Еўропе гэта нармальная практыка, — адзначыў Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom, якая выступіла ініцыятарам стварэння Сямейнага інклюзіў-тэатра «і». — За 2 гады мы змаглі ўбачыць вельмі пазітыўныя змены ў асаблівых выхаванцаў тэатра. Дзеці, якія раней былі даволі закрытыя, зараз свабодна танчаць і дэкламуюць на сцэне перад поўнымі заламі гледачоў. Тэатральныя заняткі дапамаглі ім развіць навыкі, неабходныя кожнаму чалавеку ў паўсядзённым жыцці».
У рамках міжнароднага форуму пройдуць адкрытыя спектаклі з удзелам асаблівых дзяцей. Так, 18 кастрычніка на сцэне Палаца культуры ветэранаў у Мінску адбудзецца гарадская прэм'ера спектакля «Казка воўчага лесу». Пастаноўка створана па матывах п'есы Сяргея Казлова «Па зялёных хвалях акіяна», аўтара і сцэнарыста вядомых мультфільмаў, сярод якіх «Вожык у тумане». «Казка воўчага лесу» распавядае пра сапраўднае сяброўства, дасягненне мары, веру ў дабро і справядлівасць. Таксама закранаецца тэма экалагічнага выхавання. Прэм'ерны паказ спектакля адбудзецца 18 кастрычніка па адрасе: вул. Я. Купалы, 21. Пачатак у 19.00. Кошт квітка 5 рублёў.
Таксама будзе арганізаваны і бясплатны паказ яшчэ адной пастаноўкі Сямейнага інклюзіў-тэатра «і» — п'есы «Чыгунка». Спектакль створаны паводле п'есы дзіцяці з аўтызмам Кастуся Жыбуля і пры падтрымцы кампаніі velcom. Ён не толькі дапамагае паглядзець на свет вачыма асаблівага чалавека, але і распавядае пра сяброўства, узаемадапамогу і падтрымку. Паказ пройдзе 19 кастрычніка па адрасе: пр-т Пераможцаў, 61. Пачатак у 19.00, уваход вольны.
Паволе прэс-рэліза