Мясніковіч: Увядзенне адзінай валюты ў ЕАЭС цяпер — пагроза суверэнітэту (відэа)

Уводзіць адзіную валюту ў Еўразійскім эканамічным саюзе без пераадолення існуючых бар'ераў ва ўзаемным гандлі нельга.



inner11359432.jpg

Пра гэта ў інтэрв'ю праграме «Карціна свету» на канале «РТР-Беларусь» заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, каментуючы вынікі  II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што адбыўся ў Сочы.

Спачатку трэба прайсці ўсе этапы зняцця бар'ераў: у гандлі таварамі, паслугамі, на рынку працы, адзначыў Мясніковіч. «Потым ужо мы прыходзім да фінансавага саюзу. А калі гэта зрабіць цяпер, я на любым узроўні скажу, што гэта пагроза суверэнітэту», — заявіў ён.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што валютны саюз — апошняя стадыя інтэграцыі. Але ў краінах ЕАЭС пакуль яшчэ розныя ўмовы для гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў.

«У нас яшчэ маса розных бар'ераў ва ўзаемным гандлі. Толькі ў гандлі таварамі ў нас гэтых бар'ераў 422. Дамова аб ЕАЭС наўпрост ліквідуе толькі 71 бар'ер. Астатняе трэба будзе вырашаць за кошт гарманізацыі і ўніфікацыі заканадаўства бакоў», — сказаў ён.

Мясніковіч дадаў, што пакуль адпаведныя інтэграцыйныя структуры сур'ёзна недапрацоўваюць у гэтым плане. Паводле яго слоў, дадзеныя структуры павінны «падымаць на шчыт» гэтыя пытанні і прапаноўваць варыянты іх рашэння, але пакуль назіраецца спакойны стыль працы.

«Мне здаецца, што ён непрымальны для інтэграцыйных структур. Нехта, напэўна, ужо прыстасаваўся, што за такі стыль працы, як правіла, не крытыкуюць, таму што памылак няма. Крытыкуюц жа за памылкі. А калі так спакойна, па плыні: няма працы — няма памылак», - цытуе Мясніковіча БЕЛТА.