«Мне пашанцавала». Менеджар «Прэс-клуба» Ала Шарко — пра час у СІЗА

Праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко ў Facebook распавяла аб сваім знаходжанні ў СІЗА.

240961761_4259043250829544_7831351446560987281_n.jpg

— Мне пашанцавала, — напісала Ала Шарко. — Гэта адна з частых фраз, якія я чула з першага дня ў камеры. Адразу не верыла, ну што значыцца «пашанцавала»?

А пашанцавала, што трапіла ў абжытую камеру.

Пашанцавала, што ў дзяўчынак была лішняя пластыкавая бутэлька для мяне (зімой, калі ліміт закупкі вады і грошы не адразу паступаюць на рахунак, гэта праўда была ўдача, бо з бутэлькі можна мыцца, ёю грэюцца ў холад, ёю сушаць вопратку). Пашанцавала, што мой Мікола хутка перадаў патрэбнае, вось адразу ўсё і тое, што трэба (так бывае не заўсёды, бо родныя таксама ў стрэсе і без вопыту). І я заўсёды адчувала, ён са мной праз усе перадачы.

Пашанцавала, што калі праз пару дзён выпала пломба, мяне адносна хутка прыняў стаматолаг і паставіў часовую, а яна, дарэчы, пратрымалася да канца.

Пашанцавала ж: столькі сяброў, столькі знаёмых, незнаёмых думалі і пісалі мне. І цяпер кватэра ў колерах...

Больш за ўсё мне пашанцавала з дзяўчынкамі, што былі са мной з самага пачатку, Кацярына Барысевіч і Вольга Філатчанкава. Першы час, калі ты ў шоку, самыя простыя відавочныя словы маюць вялікае значэнне. І табе трэба чуць, што ўсё гэта скончыцца, усё будзе добра. Важна, што табе прыносяць кружку гарбаты і абдымаюць, калі не вельмі...

А танцы! Оля, дзіўная Оля, з жалезнымі нервамі і характарам, навучала нас усіх. Я з ёй асвоіла 43 танцы розных народаў. А зімой, у мінус 25 танцавалі абсалютна ўсё, без падзелу на «палітычных» і не. Ад «Базару» да «Кляйзмера» і ірландскай джыгі... Потым ужо, у спякоту, у плюс 30 мы з ёй танцавалі ўдзвюх.

Песня. Падборкі былі вар'яцкія: «Дадому», «Дэмабілізацыя» (па-мойму, гэта падабалася тым, хто па той бок дзвярэй), «Нас засталося толькі двое», «Я вольны», а яшчэ народныя «Штой па мору»... Ну і класіку «На Ціхарэцкую састаў адправіцца» або «Раптам як у казцы рыпнулі дзверы». Такі ансамбль «Валадарачка».

Мы часта смяяліся. Часам магло здавацца з боку, што падставы няма. Але яна была. І нашы жартачкі часам ужо былі зразумелыя толькі нам, такі «сямейны» кантэкстуальны гумар, калі адзін погляд і тварыкі, і ўсё — выбух смеху.

Я вельмі чакаю Олю, і Кацю Андрэеву, і Аксану Пашкевіч, і Дашу Данілаву, і Надзю Калач. Чакаю ўсіх, хто не на волі.

Мне вельмі пашанцавала на сустрэчы. Гэта праўда.