Моладзь БНФ збірае грошы на стварэнне Моладзевага маёнтку ў гонар Ларысы Геніюш
Актывісты Моладзі БНФ на платформе Talaka.by распачалі збор сродкаў на свой новы праект — Моладзевы маёнтак імя Ларысы Геніюш.
Ідэя Моладзевага маёнтку паўстала па некалькіх прычынах. Першая — праблема адсутнасці цікавых моладзевых пляцовак па-за межамі вялікіх гарадоў, у прыватнасці Мінску. Менавіта гэта з’яўляецца прычынай катастрафічнай урбанізацыі і міграцыі ў абласныя цэнтры і сталіцу вялікай колькасці беларусаў. Гэтая праблема прыводзіць да вымірання вёсак і мястэчкаў, чаго нельга дапусціць.
Другая прычына — ужо традыцыйная кампанія Моладзі БНФ па ўшанаванні памяці і рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Менавіта таму Моладзь БНФ хоча выкупіць домік максімальна блізка да мястэчка Зэльва. Сама жа мэта Моладзевага маёнтку — стварыць пляцоўку, якая зможа сабраць крэатыўную і ідэйную моладзь, што будзе працаваць над цікавымі культурніцкімі і грамадска-палітычнымі праектамі.
Плануецца, што на базе будучага маёнтка будуць праходзіць пленэры для маладых мастакоў, цікавыя адукацыйныя курсы на тэмы культуры і грамадска-палітычнага развіцця, іншыя мерапрыемствы.
Гэтым праектам Моладзь БНФ хоча паказаць, што для выдатнай і якаснай пляцоўкі не важна, ці знаходзіцца яна ў буйным горадзе, а ў рэгіёнах сапраўды можам рабіць шмат чаго цікавага.
На рэалізацыю праекта актывістам патрэбна сабраць 7000 беларускіх рублёў. Амаль усе яны пойдуць на куплю дома. Для донараў арганізатары прадугледзелі цэлую сістэму падарункаў і бонусаў.
Паводле прэс-службы Моладзі БНФ