«Пачынаюцца вялікія эканамічныя праблемы». Страйкамы ствараюць рух, мэта якога — агульнабеларускі страйк

Аб’яднанне «Рабочы рух» стварылі работнікі, удзельнікі страйкамаў і актывісты розных прадпрыемстваў Беларусі для абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Праз гэтую платформу аб’яднаны страйкам плануе зладзіць агульнабеларускі страйк, «Белсату» распавёў Юрый Рававы, сустаршыня страйкама «Гродна Азота».

img_2608_1.jpg

Каб работнікі маглі камунікаваць паміж сабою, дзяліцца ідэямі і падрыхтавацца да страйку, запусцілі чат-бот і сайт.

«"Рабочы рух" стварылі работнікі, якія не змірыліся з беззаконнем у Беларусі і пастанавілі адстойваць свае правы ў тым ліку і праз страйк», — адзначыў Юрый Рававы.

Паводле яго, першая задача «Рабочага руху» — аднавіць дэмакратычныя свабоды і правы ў краіне. Тры асноўныя патрабаванні засталіся тыя ж: спыненне гвалту, вызваленне палітычных вязняў і адстаўка Лукашэнкі.

Пасля выканання асноўных патрабаванняў «Рабочы рух» будзе дамагацца рэалізацыі яшчэ 15 пунктаў сваёй праграмы, сярод якіх — аднаўленне звольненых і адлічаных з палітычных матываў, выплата страйкоўцам кампенсацый, уключэнне ў назіральныя рады абраных прадстаўнікоў работнікаў у колькасці не менш за 35% ад агульнага складу, забарона прадаваць дзяржаўную долю прадпрыемстваў без узгаднення з выбранымі радамі, рэформа сістэмы вышэйшай адукацыі для прызнання дыпломаў у свеце ды іншае.

«Аднак без выканання нашых асноўных патрабаванняў астатнія не змогуць адбыцца. І гэтая ініцыятыва для тых, хто гэта разумее», — упэўнены Юрый.

У жніўні мала хто ведаў, як страйкаваць

На думку Юрыя Рававога, страйкі пасля ўльтыматуму Ціханоўскай і падчас мітынгаў у жніўні-верасні праваліліся, бо на той час людзі не ведалі, як правільна страйкаваць, і не далучылася крытычная колькасць работнікаў:

«Усім падавалася, што страйкаваць проста. А гэта не так. У такія гарачыя моманты ўзнікае шмат прапаноў, складаных пытанняў: як страйкаваць, што мы будзем рабіць, а што не будзем.

У хімічнай вытворчасці, дзе я працаваў на гродзенскім "Азоце", патрэбная воля, каб узяць і націснуць кнопку, якая спыняе вытворчасць. Нават ад аднаго такога дзеяння страты для завода — сотні тысяч долараў, якія "павесяць" потым на кагосьці.

І такія былі размовы: маўляў, вы самы бадзёры калектыў, давайце пачынаць з вас, а мы потым. А тыя адмаўляліся, чакалі агульнага рашэння. Бо што скажуць іншыя людзі, якіх мы пакінем без працы? А трэба сабраць 10 тысяч, гэта вельмі цяжка. Нават са страйкамам».

Калі работнікі выбіралі прадстаўнікоў ад сваіх цэхаў у страйкам, адміністрацыя пачала перашкаджаць згуртаванням: «Людзі ішлі на завод, каб паставіць свой подпіс, а ім блакавалі пропускі. Нават калі зарганізаваўся страйкам з больш як ста чалавек і большасць падтрымлівала страйк, было няясна, як гэта рабіць: ці спыняць вытворчасць, ці працаваць на склад і не даваць адгружаць, ці блакаваць чыгунку, каб нельга было вывезці ўгнаенні.

І людзі пачынаюць спрачацца ў гэтых пытаннях, умешваецца адміністрацыя, праўладны прафсаюз. А час ідзе. І 20 жніўня з расійскіх нумароў людзям пачалі дасылаць пагрозы: "Не падтрымаеце страйк — мы вас выражам". Гэтая правакацыя рабілася, каб распачаць пераслед паводле артыкула 200 КК "Гвалтоўны прымус да страйку". І на наступны ж дзень па мяне прыйшлі сілавікі».

Калегі абаранілі Юрыя, ён паспеў з’ехаць з краіны. Прыблізна тое ж адбывалася на іншых прадпрыемствах Беларусі, таму зарганізаваць страйк не ўдалося: «Мы заблыталіся і страцілі час. А платформа і тэлеграм-бот дапамогуць нам зарганізавацца, прымаць рашэнні бяспечна, ананімна, адчуваючы плячо калегі».

Максімальная бяспека работнікаў

Распрацоўшчыкі адмысловай платформы надалі вялікую ўвагу бяспецы работнікаў, для якіх ствараецца «Рабочы рух». Прадстаўнік страйкама адзначыў, што для максімальнай абароненасці карыстальнікаў платформы выдаткавалі найбольш часу:

«Ясна, што да тых, хто захоча быць актывістам, і да тых, хто пацвердзіць сваё жаданне далучыцца да страйку, можа быць непажаданая ўвага. Таму ўсе звесткі, якія трапяць у сістэму, будуць зашыфраваныя і нябачныя іншым карыстальнікам.

Калі чалавека нават затрымаюць на вуліцы і залезуць у яго тэлефон, яны там нічога не пабачаць. Бо калі ты размаўляеш з ботам, то паведамленні самазнішчаюцца. І нельга будзе знайсці ні актыўнасці, ні гісторыі актыўнасцей. Калі будзе неабходнасць, людзі змогуць камунікаваць з калегамі ў адмысловым бяспечным чаце».

Юрый Рававы падкрэсліў, што такія чаты будуць мадэравацца, каб пазбегнуць абраз і правакацый: «Мы разумеем, што трапіць туды захочуць прадстаўнікі ГУБАЗіКа ды іншых устаноў. Таму ананімізуем усіх карыстальнікаў. І толькі мадэратары змогуць бачыць, хто і да якой ступені верыфікаваўся. Хто проста даў чэк са сталовай, а хто даў сваё пасведчанне ці пропуск. Гэта розныя ўзроўні верыфікацыі і розныя магчымасці на платформе».

Мадэратары таксама абароненыя ад таго, каб да іх завіталі сілавікі і забралі звесткі карыстальнікаў: «Мы са старту зразумелі, што мадэратары маюць быць за мяжою, іначай іх могуць дэананімізаваць і праз гвалт атрымаць інфармацыю.

Другое патрабаванне — мадэратары павінны быць супрацоўнікамі беларускіх прадпрыемстваў, каб ніхто не прымаў рашэнняў за работнікаў.

Гэта будуць прадстаўнікі розных заводаў і прадпрыемстваў, бо варта ведаць спецыфіку галіны, каб чалавек сам быў з калектыву».

На платформе руху можна будзе пабачыць, колькі работнікаў гатовыя далучыцца да страйку. Аднак на якіх прадпрыемствах найбольш актыўных удзельнікаў, будуць ведаць толькі мадэратары. Гэта таксама адзін з захадаў бяспекі.

«Мы правядзём вялікую аналітычную працу, каб страйк быў балючы для рэжыму, а не для людзей, каб не запусціць новую хвалю рэпрэсій.

Мы не можам даць звесткі, кшталту, вось, на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе 500 чалавек гатовыя да страйку, а паўсюль — па 10–20. Бо будзе зашмат увагі да Мазыра. Таму статыстыка будзе транспарэнтная, але не падрабязная», — распавёў Рававы.

Калі адбудзецца страйк, пастановяць работнікі

Суразмоўца падкрэсліў, што пра нейкі канкрэтны дзень страйку не ідзецца: «Калі нехта кажа пра 1 траўня, ці 9-га, ці 25-га… Родненькія, спыніцеся! Не, гэта так не працуе. Ніхто не можа прызначыць дату ці нейкае свята як добры момант. Пакуль не будзе дастаткова рашучасці і пакуль людзі не будуць гатовыя, ніякіх дат».

Сузаснавальнік стачкама перакананы, што страйк адбудзецца дакладна: «Гэта будзе. Не праз тое, што людзі такія ідэйныя ці стануць больш ідэйнымі і пачнуць прагнуць больш свабоды. Рэч у тым, што пачынаюцца вялікія эканамічныя праблемы. Мы бачым, што то тут, то там не выплацілі заробак, людзей звальняюць.

Праблемы будуць наслойвацца. А, як паказвае гісторыя, праблемы даюць нагоду людзям яднацца і страйкаваць.

Вядома, калі пачнуць расці заробкі і Лукашэнка павядзе нас у светлую будучыню, то людзі заплюшчаць вочы на беззаконне. Але такога не адбудзецца, і праблемы вымусяць людзей да такога кроку, як страйк. А "Рабочы рух" дапаможа зарганізавацца больш эфектыўна».

Актывісты «Рабочага руху» таксама зладзілі юрыдычную і псіхалагічную падтрымку для страйкоўцаў. Вядомыя ініцыятывы, як «Digital solidarity» і «IneedHelp», гатовыя падтрымаць удзельнікаў страйку. Да таго ж, на пляцоўцы руху можна падрыхтавацца да страйку ў побытавым плане: даведацца пра рэчы першай неабходнасці на час, калі ўся краіна пачне страйк, пазачыняюцца прадпрыемствы і спыніцца гандаль.

«Мы не хочам зачыніць заводы і каб людзі страцілі працы ды заробкі. Мы хочам, каб людзі былі вольныя і зараблялі болей», — падсумаваў Юрый Рававы.