«Мы ўсё роўна пішам»: Галіна Латыпава пра маніпуляцыю карэспандэнцыяй у СІЗА
«У камеры, нягледзячы на спякоту, Сцяпан малюе лятучых вожыкаў і адсылае іх сваім родным, сябрам і суседзям, — расказвае пра пляменніка Галіна Латыпава. — Мілыя вожыкі на паветраных шарыках, якія ляцяць да нас праз сцены СІЗА з добрымі словамі ад Сцяпана Латыпава».
10 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска накіраваў Сцяпана Латыпава на судова-медыцынскую экспертызу. На першым пасяджэнні па справе абаронца мэмарыяла на Плошчы Перамен уваткнуў сабе ў горла ручку. Палітвязень растлумачыў: «Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа».
Размаўляючы з Еўрарадыё, Галіна Латыпава кажа, што справаздачу пра сумоўе Сцяпана ў Навінках яму для азнаямлення яшчэ не перадавалі. Хлопец адчувае сябе «пакуль нармальна».
У камеры горача, лісты даходзяць дрэнна
«Адвакатка была ў яго ў мінулую пятніцу, — расказвае суразмоўніца. — У СІЗА вельмі горача, а ў душ вязняў водзяць адзін раз на тыдзень. Гэта жудасна. У камеры душна ды яшчэ ёсць сукамернікі, якія кураць. Сцяпан трымаецца добра, але настрой мяняецца праз спёку.
Карэспандэнцыю (лісты, паштоўкі, тэлеграмы) перадаюць з вялікай затрымкай ці не перадаюць наогул. Колькі часу пасля вяртання з Навінак у СІЗА яго лісты не даходзілі. Перадачы і пасылкі перадаюць без праблем, а вось карэспандэнцыю кантралююць і маніпулююць ёю. Сцяпан пісаў скаргі адміністрацыі на дрэнную дастаўку карэспандэнцыі, пасля чаго лісты і паштоўкі сталі прыходзіць і ў той і ў другі бок, але іх мала».
Калі лістоў няма, зняволеныя пачынаюць думаць, што пра іх забыліся
Галіна Латыпава звяртае ўвагу, што маніпуляцыя карэспандэнцыяй — гэта адзін з метадаў ціску на псіхіку затрыманага. А лісты — гэта вельмі моцная падтрымка, і не толькі для Сцяпана.
«Калі лістоў няма, у зняволеных пачынаюць з'яўляцца думкі, што пра іх забыліся, што ўсе намаганні дарэмныя, хоць гэта не так, — кажа жанчына. — Разумеючы, што лісты могуць не перадаць, мы ўсё роўна пішам і падтрымліваем Сцяпана. Памятаем і будзем памятаць».
Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года побач з трансфарматарнай будкай з выявай «Дыджэяў перамен». Хлопец прасіў міліцыянераў, якія прыбылі знішчыць мурал, прадставіцца — яго затрымалі. У той жа дзень у кватэры Латыпава правялі ператрус. Пасля яго дзяржпрапаганда заявіла, што ён нібыта рыхтаваўся труціць супрацоўнікаў атрутнымі рэчывамі, якія выкарыстоўваў у сваёй працы арбарыста.