На БелАЭС застрэліўся салдат тэрміновай службы
Трагедыя адбылася сёння, 25 студзеня.
У панядзелак, 25 студзеня, на тэрыторыі Беларускай АЭС
пакончыў з сабой салдат тэрміновай службы вайсковай часткі 7434 Унутраных
войскаў МУС. Такая інфармацыя паступіла Reform.by ад уласнай крыніцы. Яе
афіцыйна пацвердзілі ў МУС.
«Сапраўды, 25 студзеня вайсковец, які праходзіць
ваенную службу па прызыву ў вайсковай частцы 7434, знаходзячыся ў варце, зрабіў
стрэл са службовай зброі, у выніку чаго памёр», — паведаміла нам спецыяліст па
грамадскіх сувязях упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення
камандуючага ўнутранымі войскамі МУС.
Паводле інфармацыі крыніцы, вайсковец знаходзіўся на варце
паміж энергаблокаў атамнай станцыі.
Вайсковая частка 7434 — новая частка, адкрытая спецыяльна для
аховы АЭС і забеспячэння прапускнога рэжыму на станцыі. На баявое дзяжурства яе
салдаты заступілі ў красавіку 2020 года. Камандуе часткай палкоўнік Вячаслаў Баракаў.