На хабары папаўся чарговы лукашэнкаўскі чыноўнік
У кастрычніку 2024 года быў затрыманы галоўны інжынер і намеснік генеральнага дырэктара ўпраўлення дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама.
Гэтую інфармацыю «Люстэрку» пацвердзілі тры не звязаныя паміж сабой крыніцы. Ад супрацоўнікаў прадпрыемства таксама стала вядома аб нездаровай псіхалагічнай абстаноўцы ў калектыве.
«Падазраюць паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса ў атрыманні хабару»
Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання (УДМБіД) — гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у структуру Мінгарвыканкама. Яно займаецца будаўніцтвам і рамонтам дарог, а таксама вытворчасцю тратуарнай пліткі, грануляванага асфальту і жалезабетонных канструкцый для мастоў і дарог.
Паводле слоў аднаго з супрацоўнікаў прадпрыемства, які доўгі час працуе ва УДМБіД, пасля прыходу ў чэрвені 2022 года новага генеральнага дырэктара Уладзіміра Латушкіна ў іх пачаліся праблемы.
— У красавіку 2023-га Латушкін прызначыў новага галоўнага інжынера і, па сумяшчальніцтве, намесніка генеральнага дырэктара. Ім стаў яго сябар Аляксандр Лапо, — кажа суразмоўца.
Паводле яго слоў, у кастрычніку 2024-га Лапо проста на працоўным месцы затрымалі за хабар.
— Затрымалі яго супрацоўнікі аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС, дакладныя прычыны нам не паведамілі, але вядома, што Лапо падазраюць паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса ў атрыманні хабару. Усіх кіраўнікоў выклікалі на допыты. Ходзяць чуткі, што генеральнага дырэктара затрымлівалі на тры дні.
На сайце УДМБіД адсутнічае інфармацыя пра галоўнага інжынера прадпрыемства і яго фатаграфіі, але на некаторых старонках удалося знайсці згадкі пра Аляксандра Лапо. Характэрна, што ён быў членам камісіі па супрацьдзеянні карупцыі на прадпрыемстве.
Затрыманне Лапо пацвердзіў яшчэ адзін супрацоўнік УДМБіД. Журналісту, які патэлефанаваў у прыёмную прадпрыемства пад выглядам кліента, паведамілі, што Аляксандр Лапо не працуе там ужо больш за месяц.
«Пагражаюць работнікам звальненнем, кажуць, што знойдуць замену кожнаму»
Супрацоўнікі УДМБіД распавядаюць, што сілавікі з АБЭЗ цяпер актыўна правяраюць дакументацыю прадпрыемства і дзейнасць яго кіраўніцтва. Яны не выключаюць, што ў хуткім часе на прадпрыемстве могуць адбыцца новыя затрыманні.
— Сярод старых супрацоўнікаў цяпер толькі і размоў пра тое, хто будзе наступным. Падзей, якія маюць прыкметы карупцыі, у нас хапае. З прыходам новага генеральнага дырэктара Латушкіна на прадпрыемстве ў цэлым устанавілася нездаровая атмасфера. Ён пачаў наймаць на кіруючыя пасады сваіх сяброў і знаёмых. Акрамя ўжо затрыманага Лапо, у нас з'явіўся новы кіраўнік аднаго з падраздзяленняў. Ім стаў чалавек, які раней не працаваў у нашай сферы, але ён муж начальніцы аддзела кадраў, таму яго ўзялі. Падобная сітуацыя ў іншых падраздзяленнях. Новыя кіраўнікі, блізкія да генеральнага дырэктара, пастаянна пагражаюць работнікам звальненнем, кажуць, што знойдуць замену кожнаму. Прымушаюць збіраць плёткі пра іншых супрацоўнікаў.
Суразмоўца ўпэўнены, што, акрамя кадравых рашэнняў генеральнага дырэктара УДМБіД, сілавікоў можа зацікавіць і тое, як на прадпрыемстве марнуюць грошы на правядзенне карпаратыўных мерапрыемстваў.
— Пасля прыходу Латушкіна ў нас замест аднаго агульнага для ўсіх карпаратыва на Новы год сталі праводзіць некалькі, але ўдзел у іх прымае толькі кіраўніцтва, звычайных работнікаў не клічуць, — тлумачыць ён. — Рабочым з-за такога стаўлення вельмі непрыемна і крыўдна, бо яны ўкалываюць, і ўсё трымаецца менавіта на іх. Сродкі на гэтыя мерапрыемствы кіраўніцтва бярэ з прафсаюзных грошай, пра гэта нам пастаянна кажуць прадстаўнікі прафсаюзаў. Здымаюць дарагія рэстараны, напрыклад, апошні карпаратыў з шоу-праграмай, прысвечаны Дню будаўніка, праходзіў у гасцініцы Double Tree на праспекце Пераможцаў.
Суразмоўца сцвярджае, што многіх работнікаў не задавальняе псіхалагічная атмасфера на прадпрыемстве, але прад'яўляць прэтэнзіі новаму кіраўніцтву яны не вырашаюцца, баючыся звальнення.
— Людзі проста не хочуць ісці на працу, каб не адчуваць сябе прыніжанымі кіраўніцтвам. Тых, хто не згодны і адважваецца спрачацца, звальняюць цягам трох дзён, — заяўляе суразмоўца.