На мінскім прадпрыемстве «Тэрмаблок» замест заробкаў «даюць па 100 рублёў»
На мінскім прадпрыемстве «Тэрмаблок» ёсць праблемы з выплатай заробкаў: супрацоўнікам «даюць па 100 рублёў», а калі яны пачынаюць скардзіцца, то проста звальняюць.
Пра гэта стала вядома падчас наўпроставай тэлефоннай лініі са старшынёй Мінгарсавета дэпутатаў Васілём Панасюком, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны». Размову з грамадзянамі ён правёў 2 снежня.
Таксама паступіла скарга на праблемы з выплатай заробкаў на Мінскім заводзе аўтаматычных лініяў — там не плацяць з ліпеня. Пры гэтым рабочыя павінны працаваць у неацепленых цэхах.
Пра тое, што ў некаторых арганізацыях Мінска штомесяц выяўляюць выпадкі запазычанасці па заробках, раней паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносінаў апарата савета федэрацыі прафсаюзаў Дзмітрый Шаўчук. Раней кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава паставіла задачу ліквідаваць запазычанасць па заробках у Мінску, нагадвае TUT.by.
Паводле euroradio.fm