На фэст НДА — праз КДБ

У працы рэспубліканскага форуму — Асамблеі няўрадавых арганізацый, якая адбудзецца 6–7 сакавіка ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры, возьмуць удзел больш за 250 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў, запрашэнні накіраваныя блізу пяцідзесяці прадстаўнікам партнёрскіх арганізацый з-за мяжы.



8c19f571e251e61cb8dd3612f26d5ecf.jpg

У працы рэспубліканскага форуму — Асамблеі няўрадавых арганізацый, якая адбудзецца 6–7 сакавіка ў Мінску ў Міжнародным адукацыйным цэнтры, возьмуць удзел больш за 250 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятыў, запрашэнні накіраваныя блізу пяцідзесяці прадстаўнікам партнёрскіх арганізацый з-за мяжы.

(На фота: Грамадскія дзеячы Ірына Жыхар, Сяргей Мацкевіч, Алёна Валынец, Вацлаў Арэшка)
Арганізатары форуму паведамілі, што двум запрошаным замежнікам адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Гэта Дэвід Гамільтан — кіраўнік Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ва Украіне і Агнешка Камароўска — прадстаўніца фонду імя Стэфана Баторыя ў Варшаве. Дэвіду Гамільтану ў пасольстве паведамілі, што ён неўязны ў Беларусь, але калі яго вельмі хочуць бачыць на форуме, то за дазволам трэба звярнуцца ў КДБ, які разгледзіць заяву і прыме рашэнне.
Да ўдзелу ў форуме запрошаныя не толькі сябры зарэгістраваных у краіне грамадскіх аб’яднанняў, але і прадстаўнікі незарэгістраваных ініцыятыў. «У Беларусі не зарэгістравана прыблізна палова ініцыятыў грамадзян, — адзначыў сябра аргкамітэту Асамблеі Сяргей Мацкевіч. — Усяго зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў менш за тры тысячы, што для нашай краіны вельмі малы паказчык». Сярод найбольш вядомых арганізацый, якія запрошаныя да ўдзелу ў форуме, — рух «За свабоду», Беларускі Хельсінскі камітэт, праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская арганізацыя працоўных жанчын ды іншыя.
У праграме шостай па ліку Асамблеі — фэст-прэзентацыя арганізацый трэцяга сектару Беларусі, паседжанне секцый па пытаннях стратэгіі і развіцця няўрадавых арганізацый, дачыненнях з міжнароднай супольнасцю, уладамі (на гэтую секцыю запрошаны прадстаўнік ад Адміністрацыі прэзідэнта). Таксама запланаваны «круглыя сталы» па экалагічных пытаннях, медыйным забеспячэнні працы НДА ды іншае. Па выніках Асамблеі будзе прынятая рэзалюцыя, якую распаўсюдзяць сярод недзяржаўных арганізацый, а таксама органаў улады.