Начальнік турмы адказаў, чаму Бандарэнка не атрымаў ліста

Пісьмовы адказ на зварот гродзенца Рамана Юргеля — прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта — прыйшоў ад начальніка турмы №4 Магілёва Аляксандра Дзмітрава.

suscynski_adkaz_z_turmy_833x400.jpg

Раман Юргель вымагаў растлумачыць, чаму раздрукоўка з сайтаў, а таксама хрысціянскі каляндар не дайшлі да вязня, былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі „Платформа Інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі, а былі вернуты назад.

Кажа Раман Юргель:

— У адказе пішацца, што я даслаў раздрукоўку з сацыяльных сетак заявы для Андрэя Бандарэнкі. Але гэтая раздрукоўка не з сацыяльных сетак, а афіцыйных інтэрнэт-сайтаў, афіцыйна зарэгістраваных грамадскіх арганізацый, праваабарончых арганізацый у Беларусі. Таму гэтая інфармацыя адкрытая. Гэта пацвярджае тое, што Андрэя Бандарэнку ізалююць у турме ад знешніх сувязяў, любой інфармацыі ў яго падтрымку, каб зламаць яго псіхалагічна і маральна.

У лісце, які дасылаў Раман Юргель вязню Андрэю Бандарэнку, была ўкладзена заява праваабарончых арганізацыяў, у якой паведамлялася, што калі яму падоўжаць тэрмін зняволення, то яго будуць лічыць палітычным вязнем. Таксама ў канверце быў перасланы каляровы хрысціянскі каляндар на 2017 год. Ліст быў вернуты пасля кантролю турэмнай цэнзуры.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара