Надзею Саяпіну за ўдзел у перформансе асудзілі на 15 сутак
Мастачка Надзея Саяпіна, вядомая як аўтар перформансу "Здабытак" пра карціны з калекцыі Белгазпрамбанка, была затрыманая 7 верасня ў Мінску. Сёння яна атрымала 15 сутак. Пра гэта TUT.BY паведамілі яе родныя.
Па іх словах, суд Савецкага раёна (суддзя Алена Жуковіч) праходзіў па скайпе. Разглядалася справа аб удзеле надзеі Саяпінай у перформансе, які адбыўся 15 жніўня. Тады мастакі стаялі ля сцен Палаца мастацтва на вуліцы Казлова з фотаздымкамі знявечаных людзей.
Раніцай таго дня мастачкі не было ў Мінску, яна не планавала ўдзельнічаць у перформансе.
— Яна прыехала ў Мінск. Выйшла на вуліцы Казлова. Убачыла, што стаіць натоўп знаёмых мастакоў. Яна падышла павітацца, і ёй далі патрымаць плакат. У гэты момант яе нехта сфатаграфаваў праз некаторы час Надзея з'ехала з цэнтра, — кажуць яе родныя.
Па іх словах, асноўным ьведкам на судзе выступаў Яўген Шчурко. Спачатку ён прадставіўся ўчастковым інспектарам, потым проста супрацоўнікам Савецкага РУУС горада Мінска. Як кажуць родныя, маску ён зняць адмовіўся. Месцам пражывання назваў завулак Якуба Коласа, 3, дзе знаходзіцца РУУС.
Свой рапарт аб перформансе Шчурко напісаў 3 верасня, праз паўмесяца пасля перформансу.
Як адзначаюць родныя, інспектар не змог успомніць, колькі чалавек было на акцыі і ў ва што была апранутая Надзея, але змог апазнаць мастачку на фатаграфіі. Па словах Шчурко, падчас перформансу ён убачыў бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты з лозунгамі, чуў крыкі «Жыве Беларусь!». Як сцвярджала Саяпіна, сцягоў на акцыі не было (гэта пацвярджае фотарэпартаж, апублікаваны на сайце «Нашай Нівы»), плакатаў з лозунгамі таксама, а сам перформанс не насіў палітычнага характару.
У ліпені 2020 года Надзея Саяпіна арганізавала перформанс "Здабытак". Падчас яго дзеячы культуры і мастацтва прымацавалі да сваіх спінаў рэпрадукцыі работ, раней канфіскаваных з калекцыі Белгазпрамбанка, і на працягу некалькіх гадзін стаялі насупраць QR-кодаў на сценах.
Паводле tut.by