Найстарэйшы цэментны завод Беларусі не прызналі помнікам архітэктуры

Цяпер яму пагражае знос.

Цэментны завод

Цэментны завод

Будынкам цэментнага завода ў Краснасельскім (Ваўкавыскі раён) адмовілі ў наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына». Зараз будынкам былога завода пагражае знос.
Чальцы абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 21 снежня выязджалі ў Краснасельскі. Там яны агледзелі будынкі, сустрэліся з прадстаўніком уласніка («Краснасельскбудматэрыялы») і правялі выяздное пасяджэнне. У выніку ўнесці комплекс у спіс спадчыны адмовілі.
Абласны савет ужо разглядаў пытанне завода ў Краснасельскім 23 лістапада. Тады аўтары прапановы атрымалі адказ: дапрацаваць матэрыялы.

Чым адметны стары цэментны завод?

Гістарычны завод збудавалі ў 1914 годзе з элементамі стылю паўночнага мадэрну. Яго ўзвялі каля радовішча крэйды пад вайсковыя патрэбы перад Першай сусветнай вайной. Цэмент спатрэбіўся на будоўлю 13 фартоў і 30 апорных пунктаў Гродзенскай крэпасці. Завод зачынілі ў канцы 90-х. Ён быў афіцыйна абвешчаны закрытай зонай у сувязі з аварыйным станам. Дэмантаж ідзе да гэтага часу, па перыметры тэрыторыя абнесена плотам. Старыя будынкі сёння суседнічаюць з сучасным заводам «Краснасельскбудматэрыялы».