Нарэшце аб’ядналі

Напрыканцы мінулага года ў Бялыніцкім раёне нарэшце скончылася шматгадовая эпапея з далучэннем саўгаса «Іскра» да «Новай Друці».

На агульным сходзе акцыянераў ААТ «Новая Друць», які адбыўся ў снежні ў аграгарадку Цяхцін, было прынята рашэнне аб рэарганізацыі ААТ «Новая Друць» шляхам далучэння да яго ААТ «Саўгас «Іскра».

Саўгас «Іскра» ўжо шмат гадоў з’яўляўся фактычным банкрутам, таму раённыя ўлады яшчэ з часоў, калі Бялыніцкім райвыканкамам кіраваў Аляксандр Ільянаў, спрабавалі далучыць гаспадарку да «Новай Друці». Аднак гэтага не вельмі хацеў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца асноўным уладальнікам акцый ААТ «Новая Друць». Зараз жа стала вядома, што банк у хуткім часе перадасць свае акцыі іншаму ўладальніку, таму і ўдалося вырашыць пытанне з аб’яднаннем гаспадарак.
Адно застаецца не вельмі зразумелым: як ААТ «Новая Друць» збіраецца працаваць на такіх вялікіх плошчах? Нагадаю, што ў гэтым годзе, яшчэ да далучэння ААТ «Саўгас «Іскра», «Новая Друць» не змагла ўбраць частку вырашчанай бульбы і кукурузы. А што ж будзе зараз, калі плошча гаспадаркі яшчэ больш павялічыцца, а фінансаванне яе дзейнасці паменшыцца?

Сяргей Семяновіч