«Нас выціснулі з прафесіі. Але з'ехаць штосьці спыняе». Доктар Айзатулін пра тое, што адбываецца ў медыцыне
Траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін у размове са «Свабодай» разважае пра чорныя спісы дактароў, выцясненне спецыялістаў з прафесіі, надзвычайны бюракратызм сістэмы аховы здароўя і эміграцыю выдатных спецыялістаў.
«Гэта была кропкавая помста за актыўную пазіцыю»
Рустам Айзатулін — унікальны адмысловец, траўматолаг-артапед, які кансультуе дзяцей з неўрацягліцавымі ды іншымі рэдкімі захворваннямі. Адпрацаваў 12 гадоў у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, а ў снежні 2020 году з ім не працягнулі кантракт. Фактычна, як ён лічыць, за пасты ў фэйсбуку.
«Калегі з РНПЦ сабралі больш за сотню подпісаў у маю
падтрымку, ліст падпісалі і загадчыкі аддзяленняў, і медсёстры — мне было
вельмі прыемна. Але ўсім было сказана, што калі гэты ліст трапіць у
міністэрства ды яшчэ куды-небудзь, то лёгкага жыцця не чакайце.
Гэта была кропкавая помста за актыўную пазіцыю. Я гаварыў
пра гэта яшчэ шмат месяцаў таму, калі толькі пачаліся першыя звальненні
медыкаў. Ніхто не верыў, усе прапускалі гэта міма вушэй, а я казаў: «Вы
дачакаецеся, што пачнуць з вярхоў, а потым дойдуць і да нізоў. Будзе кропкавая
помста, абсалютна нелагічная, як у дзіцячай пясочніцы: «Ты мне не даў
гаршчочак, дык я цябе абсыплю пясочкам». Тое, што у нас робіцца — гэта
ўпіванне сваёй беспакаранасцю, сваёй уладай. Ні да чога добрага гэта не
давядзе», — перакананы Рустам Айзатулін.
Праз тры месяцы пасля звальнення з РНПЦ траўматалогіі і
артапедыі Рустам убачыў, што там ёсць вакансія ў кансультацыйным аддзяленні,
дзе заўсёды бракуе спецыялістаў. Аднак яго туды не ўзялі, хоць у вакансіі было
пазначана патрабаванне: досвед працы, не меншы за адзін год.
«Усе мы ведаем пра спісы дактароў, якіх нельга браць на
працу»
Не пабаяўся ўзяць Айзатуліна на працу толькі галоўны доктар 3-й дзіцячай лякарні Максім Ачарэтні. Але ў канцы красавіка звольнілі і Ачарэтняга. Рустам Айзатулін у той жа дзень сышоў на знак салідарнасьці з галоўным доктарам і сябрам.
«Мы ведаем толькі пра рэзанансныя справы са звальненнем.
Але ў той дзень у красавіку, калі звальнялі галоўнага доктара 3-й дзіцячай
лякарні Максіма Ачарэтняга, звольнілі яшчэ як мінімум пяць галоўных дактароў з іншых медычных устаноў.
Адзін з апошніх прыкладаў — загадчык аддзялення вострай
траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Сяргей Ёсіфавіч Худніцкі — залаты
чалавек, цудоўны адмысловец і кіраўнік. У адзін дзень ён страціў працу і быў
выстаўлены са сваімі скрынямі з рэчамі за межы РНПЦ траўматалогіі.
Я не магу дакладна сказаць, хто на каго цісне, але адзін
чалавек такіх пытанняў не вырашае, гэта сумесная праца ў запалохванні, у
прымусе звальняць», — разважае Рустам Айзатулін.
Ён дапускае, што, магчыма, мог бы ўладкавацца ў якую-небудзь
раённую паліклініку шараговым траўматолагам-артапедам, каб праводзіць
прафілактычныя агляды.
«Але гэта не тая «праца мары», да якой я ішоў доўгі час.
Уладкавацца ў іншыя шпіталі ці РНПЦ я наўрад ці змагу, дзверы мне туды
зачыненыя. Усе мы ведаем пра спісы дактароў, якіх нельга браць на працу. Нас,
па сутнасці, выціснулі з прафесіі. Падстаўляць нейкія прыватныя медычныя
цэнтры мне таксама не хочацца.
Таму я зараз працаўладкаваны не як доктар, а як спецыяліст у
адаптыўным фітнэсе ў адным з цэнтраў».
«
Некалькі сем’яў страцілі дзяцей, бо не паспелі сабраць грошы і знайсці магчымасці за мяжой»
Доктар Айзатулін даўно працуе з пацыенцкімі дабрачыннымі арганізацыямі: кансультуе неданошаных дзетак, дзяцей з рэдкімі генетычнымі і нейрацяглічнымі захворваннямі па ўсёй краіне.
«Геном», «РАНА», «Я РЕТТкая» — я працягваю кансультаваць
дзетак, прыяжджаю да іх. Гэта сем’і са спінальна-цяглічнай дыстрафіяй, з
дыстрафіямі Дзюшэна і Бэкера — бацькі з дзеткамі да мяне прыяжджаюць, ці я з
прадстаўнікамі «Геному» і шэрагам іншых кансультантаў едзем да іх дадому», —
расказвае доктар.
Ён абураецца бюракратыяй у сістэме аховы здароўя. Бо ў
Беларусі дагэтуль не зарэгістраваны ніводзін з ухваленых прэпаратаў для
лячэньня цяжкага геннага захворвання — спінальнай цяглічнай атрафіі (СМА).
Адна ін'екцыя швейцарскага прэпарату Zolgensma каштуе 2 мільёны 125 тысяч
долараў. Гадавы курс амерыканскай спінразы (Spinraza) — 750 тысяч долараў.
Сем’і з хворымі дзеткамі абвяшчалі збор сродкаў і з'яжджалі для правядзення
лячэння ў іншыя краіны — ЗША, Ізраіль, Італію, Польшчу, Расію.
Вельмі працяглы час фармакалагічныя кампаніі, якія маглі б
адкрыць дабрачынныя зборы і праграмы ранняга доступу да прэпаратаў, неабходных
дзецям з цяжкімі парушэннямі, спрабуюць легалізавацца на тэрыторыі Беларусі.
Ім адмаўляюць: нібыта дакументы, якія яны падаюць, не адпавядаюць
нарматыўна-прававым актам беларускага Міністэрства аховы здароўя.
«Адна сур’ёзная замежная фармкампанія прапаноўвала
пастаўляць на тэрыторыю Беларусі гэтыя дарагія прэпараты — пры пэўных умовах,
якія дазвалялі б ім легалізавацца тут. Адзін прыклад: палякам яны прапанавалі
тое ж самае, палякі падлічылі, што ім гэта фінансава выгадна. Чым бацькі будуць
закупляць прэпараты за мяжой паасобку, прасцей купіць адну вялікую партыю,
даць магчымасць легалізавацца гэтай кампаніі на сваёй тэрыторыі і далей
купляць прэпараты са зніжкамі. Гэта фінансава выгадна, і гэта рэальная
дапамога людзям. У нас такое «не пракаціла».
Дзеткі са спінальна-цяглічнай атрафіяй паміраюць вельмі
рана і хутка. Летась некалькі сем’яў страцілі дзяцей менавіта ад таго, што не
паспелі знайсці магчымасьць і грошы да таго, як дзіцяці споўніцца два гады —
там вельмі важны час, дарагая кожная хвіліна», — кажа доктар.
Пацыенцкая арганізацыя «Геном» распрацавала інструкцыю для
бацькоў, як легалізавацца ў Польшчы, працаўладкавацца і атрымаць бясплатна
выратавальныя ўколы.
Пачынаючы са снежня 2020 году, чацвярым беларускім дзеткам
увялі дарагія прэпараты ў РНПЦ «Маці і дзяця». Але не за кошт дзяржавы. Трое з іх выйгралі залгенсму ў латарэю, чацвёртай дзяўчынцы, якая ўжо не мела часу
чакаць, дапамагло прадпрыемтва «Савушкин продукт», аказала спонсарскую дапамогу
амаль на 1,5 мільёна долараў.
«І цяпер, як бы Мінздароўя не дэкларавала, што дзеці са
спінальна-цяглічнай атрафіяй атрымліваюць дарагія прэпараты залгенсму і
спінразу дзякуючы яму — гэта абсалютная хлусня. Насамрэч дзякуючы толькі
працы дабрачыннай арганізацыі «Геном», дзякуючы асобам, якія працуюць з гэтымі
дзеткамі, дзякуючы тым перамовам, якія шмат гадоў вяліся з фармкампаніямі,
некалькі дзяцей атрымалі гэтыя ўколы ў Беларусі. Мінздароўя адыграла ролю
пасярэдніка, прычым дастаткова нелагічнага. Гэта не мая галаслоўная заява.
Любая сям’я, дзе ёсць дзіця з нейрацяглічным захворваннем, вам гэта
пацвердзіць».
«Бюракратычная сістэма пабудаваная так, што падвоху можна
чакаць у любы момант»
На думку Рустама Айзатуліна, які шмат кантактуе з цяжка хворымі дзеткамі, што пакутуюць на генетычныя нейрацяглічныя хваробы, у Беларусі ўвогуле няма сістэмы нармальнай рэабілітацыі.
«Усе, хто мае магчымасць, едуць на рэабілітацыю альбо ў
Чэхію, альбо ў Польшчу, альбо ў Літву. Што да артэзавання, пратэзавання —
таксама ўсе, хто можа, праз фонды з'яжджаюць і вырабляюць артэзы, карсеты,
пратэзы за межамі Беларусі».
Ён расказаў, як два гады таму ездзіў у Польшчу на канферэнцыю, і
пазнаёміўся там з італьянскімі пратэзістамі і артэзістамі, якія займаюцца
дзіцячай рэабілітацыяй.
«Мы з імі дамовіліся, калі будзе такая магчымасць, адкрыць
філіял у Рэспубліцы Беларусь. Яны гатовыя былі прадаставіць усё абсталяванне,
усе матэрыялы, прыслаць сваіх адмыслоўцаў, каб тыя навучылі нашых спецыялістаў.
Нельга сказаць, што гэта дапамога была зусім бясплатная, пэўныя ўкладанні былі
патрэбны, але калі вытворчасць такога маштабу пачынаць з нуля, гэта каштавала
б вельмі і вельмі вялікіх грошай. Італьянцы збольшага прапаноўвалі спонсарскую
дапамогу.
З аднаго боку, справа нібыта пачалася, але ўсё ўпёрлася ў
нарматыўныя, прававыя праблемы, у легалізацыю гэтай вытворчасці ў Беларусі —
наша бюракратычная сістэма пабудаваная такім чынам, што нейкага падвоху можна
чакаць адусюль у любы момант. І калі мы паказалі італьянцам усе дакументы, якія
трэба было запоўніць, расказалі ўсе ўмовы, якія трэба было выканаць, яны
сказалі: «Прабачце».
І літаральна праз некалькі месяцаў яны адкрылі такі філіял у Польшчы. Гэта сведчыць пра бюрактарызм нашага міністэрства. Італьянцы цяпер цудоўна працуюць у Польшчы. Нашы дзеткі вымушаны ехаць у Польшчу, дзе за 3-4 дні ім вырабляюць высокатэхналагічныя артапедычныя прылады. А гэтыя грошы маглі б заставацца ў краіне», — разважае доктар Айзатулін.
«Каб запісацца на прыём да вузкага спецыяліста, трэба прайсці квест і «кругі пекла»
Паводле Белстату, за 2020 год колькасць медычнага персаналу ў краіне скарацілася на 1,8 тысячы спецыялістаў. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч назваў гэты працэс аптымізацыяй. Ці так гэта?
«Ну якая гэта аптымізацыя? Паспрабуйце ў любой сталічнай
паліклініцы запісацца на прыём да вузкага спецыяліста — лагапеда, дэфектолага,
эндакрынолага, гэматолага: трэба прайсці квэст і «кругі пекла», усё гэта
расцягнецца як мінімум на некалькі тыдняў, а то і некалькі месяцаў. Узяць маю
спецыяльнасць: паспрабуйце запісацца ў кансультацыйны аддзел РНПЦ
траўматалогіі — у лепшым выпадку праз месяц вы туды трапіце.
У мяне нядаўна была на прыёме жанчына з Брэсцкай вобласці, якая расказала, што некалькі сем’яў з дзецьмі прыехалі ў Мінск,
знялі на тыдзень жыллё і правялі прафілактычны агляд дзяцей: нейролаг,
педыятр, хірург, афтальмолаг, ЛОР, бо ў раённай лякарні спецыялістаў не
засталося. Ды няма ніякай аптымізацыі, гэта сваволя».
Трапіўшы ў адну з найлепшых дзіцячых рэанімацый Мінску,
Рустам атрымаў шок. А ў рэгіёнах ва ўстановах аховы здароўя наагул
«постапакаліпсіс», як выказаўся Айзатулін.
«Я пабачыў, што дзіцячыя апараты штучнага дыхання
падключаныя да звычайнага падаўжальніка, які падключаны да яшчэ аднаго
падаўжальніка, а той ужо падключаны да разеткі. І гэта ў сталічным дзіцячым
шпіталі! Вось у гэтым сутнасць нашай сістэмы аховы здароўя.
Я не кажу ўжо пра рэгіёны — там постапакаліпсіс у медыцыне.
Я неяк папрасіў сваіх калег, каб яны прысылалі відэа, фота медычных установаў,
у якіх яны працуюць. Я атрымаў вялікую колькасць фота той разрухі, якая пануе
ў раённых паліклініках і шпіталях: выбітыя дзверы, цвіль, абшарпаныя сцены,
абарваныя драты на апаратах, жудасны стан аперацыйных», — апавядае доктар.
«Пакуль тут я не бачу магчымасцяў для сваёй рэалізацыі. Але
з'ехаць штосьці спыняе»
Рустам Айзатулін кажа, што некаторыя ягоныя калегі, з якімі сябруе яшчэ са студэнцтва, збіраюць чамаданы.
«У іх з 1 ліпеня заключаны кантракт з адной з прыватных
клінік Польшчы. Гэта 5 сям’яў, 5 лекарак з мужамі і дзецьмі, як мінімум 15
чалавек. Усе яны з'едуць і будуць прыносіць карысць сістэме аховы здароўя
іншай краіны. Гэта толькі з майго вузкага кола. Раней з'ехалі мае блізкія
сябры: класны рэаніматолаг-анэстэзіёлаг Максім Ачарэтні ў Адэсу, эндаскапістка
і гастраэнтэролаг Лідзія Тарасенка — у Кіеў», — кажа Рустам.
На пытанне, ці збіраецца Айзатулін з'яжджаць, прамога
адказу доктар не дае.
«Думкі былі і ёсць. У Расію мне не вельмі хочацца, хоць
было запрашэнне адной з вялікіх клінік. Была прапанова з Францыі адразу ж
пасля майго першага звальнення, гатовы былі мяне ўзяць, але мова — асноўны
бар’ер. Разглядаю варыянты Польшчы альбо Чэхіі. У адной з польскіх клінік у
мяне была гутарка, пакуль я вырашаю», — кажа Рустам.
І дадае: «Пакуль тут я не бачу магчымасцяў для сваёй рэалізацыі. Возьмем сацыяльную абароненасць і дабрабыт маіх дзяцей. Хаця б дзеля гэтага, таму што мае бацькі не здолелі забяспечыць гэта сваім дзецям. Напэўна, лепш з'ехаць дзеля таго, каб маім дзецям было добра. Нават на шкоду самому сабе... Дакументы падрыхтаваныя, з візай праблем не будзе, але штосьці спыняе», — кажа Рустам.
«Немагчыма на стары «Запарожац» навесіць дзверы з «BMW»
У Беларусі ёсць унікальныя спецыялісты, добрая матэрыяльная база, прынамсі ў РНПЦ, вядучых клініках, а сітуацыя з сістэмай аховы здароўя выклікае пытанне. Ці можна яе рэанімаваць?
«Можна, але яе трэба цалкам перабудоўваць, бо цяперашняя
сістэма — гэта атавізм савецкай эпохі. Мы спрабуем з гэтага атавізму зрабіць
нешта добрае, але мы ўсё больш дэградуем. Усё добрае ўпіраецца ў састарэлыя
законы, бюракратычную цяганіну, якія перашкаджаюць развіццю. Гэта як на стары «Запарожац» павесіць новыя дзверы ад «БМВ», але яны ж не ўпішуцца ў гэты «Запарожац»; нават калі вонкава і будзе прыгожа, але не прынясе карысьці. Тое
самае і з сыстэмай аховы здароўя — усё добрае проста навешваецца на тое лайно.
Прасвету няма.
Трэба знайсці сілы і смеласьць усё перарабіць. Ёсць шмат
фанатыкаў сваёй справы, ёсць шмат добрых кіраўнікоў, якія ў стане гэта
перабудаваць — трэба знайсці толькі сілы і смеласць. Можна ўзяць за стрыжань
мадэль іншых краін. Вы паглядзіце на рэформу аховы здароўя Грузіі — гэта цалкам еўрапейская сістэма са страхавой, платнай і дзяржаўнай медыцынай. Гэта можна
зрабіць і ў нас. Але, пакуль сістэма не памяняецца, нічога добрага ў гэтай
краіне не будзе — якія б энтузіясты на сваіх працоўных месцах не былі, якія б
адухоўленыя асобы не спрабавалі штосьці мяняць да лепшага», — перакананы доктар
Рустам Айзатулін.