На акцыях шмат фатаздымкаў людзей, якіх катавалі. Але амаль няма партрэтаў зніклых

Дачка зніклага 21 год таму бізнесоўца Анатоля Красоўскага, дыетолаг і грамадская дзяячка Валерыя Красоўская распавяла «Свабодзе» пра будучы суд над замоўнікамі і выканаўцамі злачынства, пра прызнанні былога собраўца Гараўскага і пра тое, чаму лідары апазіцыі і людзі на мірных пратэстах у Беларусі мала згадваюць пра справы зніклых.

3871c857_f04a_4f1b_b429_57b29380621a_cx0_cy2_cw0_w1023_r1_s.jpg

 

Пра справы зніклых, якіх амаль не згадваюць падчас пратэстаў

Мірныя пратэсты адбываюцца кожны дзень, я бачу вельмі шмат крэатыўных плакатаў, постэраў, фатаздымкаў людзей, якіх катавалі за кратамі, якія загінулі. Але я амаль не бачу партрэтаў Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Змітра Завадскага. Таксама я не бачу згадак пра іх у СМІ. І я пакуль ніводнага слова не пачула ад Святланы Ціханоўскай пра гвалтоўныя знікненні ў Беларусі. Я не пачула ніводнага слова пра іх ад ніводнай асобы, якая адыгрывае больш-менш значную палітычную ролю ў апошніх падзеях.

Вялікая частка пратэстоўцаў — маладыя людзі, якія не памятаюць ці не ведаюць пра справы зніклых. Лукашэнка фізічна ліквідаваў сваіх палітычных апанентаў. Калі кожны раз мы будзем забываць імёны тых, хто знайшоў у сабе моц супрацьстаяць, хто аддаў сваё жыццё, здароўе, кар’еру дзеля нас усіх, нічога не зменіцца ў Беларусі. Калі мы будзем забываць імёны нашых герояў, то светлай будучыні ў нас быць не можа. І гісторыя будзе паўтарацца кожны раз. 


Пра прызнанні Гараўскага

Ён расказвае тое, што мы ўжо ведалі ў агульных рысах, што мой тата і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя і забітыя ў тую ж ноч. Але ён дадае некалькі дэталяў, якія павінны быць правераныя незалежнымі следчымі. Я не хацела б асабіста гаварыць з Гараўскім, як гэта зрабіла Алена Захаранка, але я хацела б, каб ён і ўсе астатнія, хто датычны да гвалтоўных знікненняў, далі паказанні ў кантэксце незалежнага расследавання. 

Пра 21 год без бацькі

Першыя 10 гадоў пасля знікнення бацькі былі цяжкімі. Я жыла ў цемры. І толькі праз 10 гадоў я зразумела, што я знаходжуся ў пазіцыі ахвяры, і калі я з яе не выйду, то ніякага зруху не будзе. Мне вельмі шкада, што 10 гадоў маёй маладосці былі вельмі цяжкімі. З другога боку, я рада, што гэтая трансфармацыя са мной адбывалася. На дадзены момант маё жыццё вельмі добра ўладкаванае — у мяне цудоўны муж, маленькая дачка, бясконцая крыніца шчасця. У мяне ёсць любімая праца, я здаровая. Я ўсё маю, чаго магу пажадаць, усё добра ў маім жыцці, акрамя таго, што не ведаю, што адбылося з маім бацькам. Я маю не атручаныя болем моманты шчасця.

Боль застаецца, я навучылася з ім жыць. У маім жыцці вельмі шмат светлых імгненняў. Застаецца пачуццё несправядлівасці, і, самае страшнае, — пачуццё невядомасці. Мы ведаем прыкладна, што адбылося з маім бацькам, мы ведаем, што ён быў забіты, але мы не ведаем, дзе ягонае цела. Мы не можам яго пахаваць, не можам з ім развітацца. Гэтая немагчымасць паставіць кропку не дае рухацца далей у жыцці. 

Пра чатыры дрэвы ў галандскім Эйндговене

У Эйндговене я бываю штогод 16 верасня, часам часцей. У Анатоля Красоўскага няма магілы, няма месца спачыну, і для мяне чатыры пасаджаныя дрэвы і адно з іх, якое сімбалізуе майго бацьку, — гэта месца, дзе ён знайшоў спачын для мяне. Я вельмі ўдзячная, што 16 верасня я больш не адна. Гэта самы цяжкі дзень у маім жыцці. І прысутнасць іншых неабыякавых людзей робіць гэты дзень крыху менш цяжкім. З 2008 года, калі мы пачалі цырымонію памяці ў Эйндговене, у гэты дзень мяне атачаюць неабыякавыя людзі. 

Пра судовы разгляд справаў зніклых

На жаль, Беларусь з моманту Другой сусветнай вайны не падпісала ніводнай міжнароднай дамовы, якая б зрабіла магчымым прывесці яе як краіну да адказнасці. Увогуле ніякіх міжнародных механізмаў няма. Адзіны механізм — камітэт па правах чалавека ААН, куды мы з маці звярнуліся з дапамогай галандскай адвакацкай канторы.

Справу бацькі разглядалі на працягу 4 гадоў, і ў 2012 годзе было рашэнне, якое пацвердзіла, што мы з’яўляемся ахвярамі, што Беларусь павінна правесці незалежнае расследаванне, выдаць кампенсацыю пацярпелым і гэтак далей. Але Беларусь, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, не выканала ніводнай рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН. Але гэта важнае рашэнне, бо гэта адзіны міжнародны інстытут, да якога мы можам звярнуцца на міжнародным узроўні. І калі ўлада памяняецца, новая ўлада, спадзяюся, выканае рашэнне гэтай установы. 

Пра пакаранне для выканаўцаў і замоўнікаў

Думаю, што вінаватых будзе вельмі шмат. Вядомая рэзалюцыя ПАРЭ, прынятая у 2004 годзе, грунатвалася на расследаванні, якое выявіла чатырох падазраваных — Шэймана, Навумава, Паўлічэнку і Сівакова. Гэта вельмі важныя фігуры, але я думаю, што вінаватых будзе больш. Я думаю, што да таго часу смяротнага пакарання ў Беларусі не будзе, але, натуральна, застанецца пажыццёвае зняволенне, і замоўнікі і выканаўцы павінны быць асуджаныя да пажыццёвага зняволення.