Не наступіць бы на старыя граблі
У Мінск вяртаюцца паслы краін Еўрапейскага саюза. Дыпламатычнае супрацьстаянне цягнулася ад канца лютага. За гэты час на свабоду выйшлі двое палітвязняў.
23 красавіка ў Люксембургу адбылося пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў ЕС. Удзельнікі сустрэчы коратка абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Яны віталі вызваленне апазіцыйных палітыкаў Андрэя
Саннікава і Зміцера Бандарэнкі, аднак падкрэслілі неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных.
У Мінск вяртаюцца паслы краін Еўрапейскага саюза. Дыпламатычнае супрацьстаянне цягнулася ад канца лютага. За гэты час на свабоду выйшлі двое палітвязняў.
23 красавіка ў Люксембургу адбылося пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў ЕС. Удзельнікі сустрэчы коратка абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Яны віталі вызваленне апазіцыйных палітыкаў Андрэя
Саннікава і Зміцера Бандарэнкі, аднак падкрэслілі неабходнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння адзначыў, што вызваленне астатніх палітвязняў неабходна для аднаўлення дыялогу паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
«Іх вызваленне з’яўляецца папярэдняй умовай для дыялогу з ЕС, а выкананне міжнародных стандартаў падчас парламенцкіх выбараў зрабіла б магчымым атрыманне Беларуссю падтрымкі ЕС для
працэсу рэформ», — цытуе Сікорскага БелаПАН.
У Беларусь ужо вярнуліся паслы Швецыі, Польшчы, Літвы, а ў Варшаву і Брусэль — беларускія кіраўнікі дыпмісій. Нагадаем, што паслы краін ЕС выехалі з Беларусі «для
кансультацый» на знак салідарнасці са сваімі калегамі — МЗС Беларусі прапанаваў кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майры Моры і польскаму амбасадару Лешаку Шарэпку выехаць у свае
сталіцы для кансультацый. Гэта быў крок уладаў Беларусі ў адказ на новыя санкцыі з боку Еўрасаюза. Пасля гэтага Брусэль адклікаў усіх амбасадараў краін ЕС з Беларусі.
«Я быў адным з першых, хто даведаўся пра тое, што Лукашэнка загадаў выехаць у свае краіны амбасадарам ЕС і Польшчы, — гаворыць Мікулаш Дзурында, які на той час ачольваў МЗС
Славакіі. — Я адразу ж патэлефанаваў свайму і сказаў: «Вяртайся!». Вельмі добра, што па гэтым пытанні ва ўсіх краін ЕС было адзінства. У Браціславе мне ўдалося арганізаваць
сустрэчу Вышаградскай групы і «Усходняга партнёрства». Былі Кэтрын Эштан і Гіда Вестэрвеле. Там была агучана наша сумесная пазіцыя па гэтым пытанні».
Пазіцыя Еўропы застаецца нязменнай — вызваленне і рэабілітацыя палітычных вязняў. «Факт вызвалення двух палітвязняў неабходна вітаць, але за ім павінен быць зроблены наступны крок:
усе палітвязні мусяць быць вызваленыя. Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца», — заявіў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.
Прынцыповая пазіцыя Еўрасаюза — вынік самападману, што цягнуўся з 2008 года па 19 снежня 2010 года і скончыўся брутальным разгонам вулічнага мітынгу ў Мінску.
«Толькі ў апошнія два гады мы пачалі разумець Лукашэнку, — прызнаецца спадар Дзурында. — Да гэтага мы нічога не разумелі, і Лукашэнка гуляў з намі, як з маленькімі дзецьмі.
І толькі цяпер мы зразумелі, што далей так не пойдзе. Але і зараз былі даволі смешныя дэбаты, асноўнай тэмай якіх было: дадзім мы ў «чорны спіс» дзве фірмы або аж цэлых тры! Для
мяне гэта было страшна смешна! Выйгралі тыя, хто прапаноўваў тры. Мне здаецца, упэўненасць у тым, што мы павінны быць цвёрдымі, ужо прыйшла».
Пра цвёрдасць намераў гаворыць і той факт, што аналітычныя цэнтры МЗС краін Еўрасаюза рыхтавалі дакументы, у якіх ацэньваўся магчымы эфект ад эканамічных санкцый (больш падрабязна пра гэта чытайце на
стар. 6). Аналітыкі мяркуюць, што цягам бліжэйшых месяцаў пытанне з палітвязнямі будзе вырашанае. Але не таму, што ў кіраўніка Беларусі прыступ гуманізму, папросту патрэбныя грошы, і спадзяванні на
тое, каб атрымаць іх ад Захаду, цалкам рэальныя.
Не так даўно, напрыклад, кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова ў складзе беларускай дэлегацыі лётала ў Вашынгтон на перамовы з кіраўнікамі Міжнароднага валютнага фонду. І, паводле яе слоў, ёсць шанец на
аднаўленне сумесных праграм. «Самае важнае, што эксперты валютнага фонду ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі як станоўчую. І тыя вынікі, што дасягнуты ў Беларусі і ў эканоміцы, і ў
грашова-крэдытнай палітыцы, у стабілізацыі нацыянальнай валюты, яны ацэньваюць як вынік таго, што мы прынялі правільныя меры, у тым ліку і ўлічылі іх рэкамендацыі. І, па нашых ацэнак, у нас ужо ёсць
магчымасць весці з валютным фондам прамую размову аб вяртанні да праграмы з Беларуссю», — адзначыла Ермакова ў эфіры тэлеканала АНТ. Да слова, сёлета Беларусь чакаюць немалыя
выплаты па знешняй пазыцы — Нацбанк ацаніў выплаты на абслугоўванне валавога знешняга доўгу ў суму 8 мільярдаў 917 мільёнаў долараў, або 34,6% ВУП.
Застаюцца на шалях знешняй палітыкі і канфлікты з Расіяй, таму добрыя адносіны з Еўропай вельмі на руку беларускаму кіраўніку. Пасля таго, як на свабоду выйшлі Саннікаў і Бандарэнка, кіраўнік
Беларусі нагаварыў ворах пагрозаў і папярэджанняў на тэму «ненахіляемасці».
Але выпускаць палітвязняў давядзецца, бо ў адваротным выпадку ні лаяльнасці, ні рэсурсаў ЕС не пабачыць, як сваіх вушэй.
Ці купіцца Еўропа на чарговы фінт беларускіх уладаў? Еўрапейскія палітыкі заяўляюць, што нарэшце раскусілі вераломную тактыку афіцыйнага Мінска і цяпер будуць глядзець толькі на ўчынкі. Ці так гэта
будзе насамрэч — пакажа час. Між іншым, сёлета ў Беларусі парламенцкая выбарчая кампанія, якая традыцыйна прадугледжвае пацяпленне адносінаў з Еўрасаюзам. Будзем спадзявацца, што Еўропа ў
сваіх намерах навесці новыя масты з Беларуссю не наступіць на старыя граблі, палітвязні выйдуць на свабоду, а ўсе амбасадары вернуцца на свае працоўныя месцы.