Ніколі не позна перастаць быць неталерантнай нацыяй

Чатыры шляхі, як беларусам перамагчы расізм і неталерантнасць.

black_320985_1280.jpg


Кожны беларус напэўна не раз чуў, што мы – вельмі талерантны і цярпімы народ, што мы ўсіх любім і да ўсіх ставімся добра. Але насамрэч гэта міф. Паводле “Індэкса расізму” Гарвардскага ўніверсітэта, Беларусь аказалася ў тройцы еўрапейскіх лідараў паводле негатыўнага ўспрыняцця чарнаскурых людзей. Другое даследаванне, ініцыяванае міжнароднай арганізацыяй PACT, паказвае, што беларусы прыпісваюць талерантнасць іншым беларусам, а не сабе.  


Тое, як беларусы ставяцца да прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, можна пабачыць у тым жа самым даследаванні. Апытанне сведчыць, што беларусы ставяцца  да іх амаль гэтак жа негатыўна як да алкаголікаў, наркаманаў і хворых на ВІЧ. 


У адносінах да прадстаўнікоў іншых народаў таксама не ўсё проста. Нават нягледзячы на існыя брацкія пачуцці паміж народамі, да расіянаў шмат хто з беларусаў ставіцца асцярожна. І лічыць за лепшае любіць іх на адлегласці. 


Да ўкраінцаў стаўленне не лепшае. І няхай не ўводзіць у зман нейтральнае стаўленне амаль паловы рэспандэнтаў. Як адзначаюць сацыёлагі, у Беларусі рэспандэнты часцяком выбіраюць нейтральны варыянт, калі схіляюцца да негатыўнага, але не хочуць выразна фармуляваць сваю пазіцыю. 


Што тычыцца стаўлення да літоўцаў і латышоў, усё падаецца яшчэ больш сумным. Нягледзячы на ​​тое, што даследаванне праведзена даволі даўно, наўрад ці існуюць перадумовы да таго, каб у цэлым стаўленне беларусаў да гэтых народаў памянялася. Хутчэй наадварот, у святле канфлікту вакол АЭС, стаўленне да жыхароў Літвы дакладна не палепшылася.

Беларусаў можна ў нейкім сэнсе зразумець.

Няпростая гісторыя краіны вымушае народ да ўсіх чужынцаў ставіцца з асцярогай.

Беларусы, як аказалася, не вельмі добра ставяцца да прыезджых. Усяго толькі 22,6 % рэспандэнтаў станоўча ставяцца да ўсіх замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь (усё тое ж даследаванне PACT), незалежна ад таго, як надоўга яны маюць намер застацца ў краіне. І дзе ж славутая беларуская гасціннасць?

Сваю працу тут, безумоўна, як і ў сітуацыі з сексуальнымі меншасцямі робяць дзяржаўныя, а таксама расійскія СМІ, якія пастаянна распавядаюць страшылкі пра тое, што адбываецца на Захадзе. І на гэтыя казкі многія людзі ахвотна вядуцца, убудоўваючы ў свой лад мыслення медыйную карцінку, не спрабуючы ставіцца да інфармацыі крытычна.

У Беларусі па-ранейшаму шмат хто прытрымліваецца пазіцыі, пры якой жанчына разглядаецца як больш слабы і неабаронены чалавек, а мужчына бачыцца нібыта на прыступку вышэй. Культурныя забабоны беларусаў адлюстроўваюцца ў даследаванні, праведзеным Даследчым цэнтрам П’ю, а таксама сярод студэнтаў мінскіх універсітэтаў.

Дык што ж трэба рабіць, каб беларусы сталі больш талерантнымі?


Адукацыя


Адукацыя, безумоўна, з’яўляецца адным з найбольш важных фактараў дзеля павышэння ўзроўню талерантнасці сярод беларусаў. І яна павінна датычыць як вучняў, так і выкладчыкаў ды адміністрацыі навучальных установаў. Натуральна, трэба падумаць над фарматам, як найбольш аптымальна гэта можна рэалізаваць. Але гэта тое, на што дакладна трэба звярнуць увагу.


Інфармацыйна-асветніцкая кампанія

Вялікая роля ў барацьбе з неталерантнасцю ў Беларусі павінна быць адведзеная дзяржаве. На ўзроўні дзяржавы трэба правесці адпаведную інфармацыйна-асветніцкую кампанію.

Сёння дзяржава шмат увагі надае сацыяльнай рэкламе, якую часцяком можна пабачыць у тэлевізары альбо на білбордах. Нешта падобнае можна зрабіць і ў пытанні талерантнасці.

У грамадстве слова “ талерантнасць” часцяком успрымаецца як лаянка. І не дзіва, калі яно нярэдка падаецца пад негатыўным соусам. Патрэбна падрыхтаваная і якасная кампанія па змене ладу мыслення беларусаў.


Падтрымка замежных донараў

У свеце вялікая колькасць міжнародных арганізацыяў і фондаў займаюцца праблематыкай дыскрымінацыі і талерантнасці. І яны шчодра гатовыя фінансаваць адпаведныя праекты.

У гэтым выпадку асаблівая роля адводзіцца як недзяржаўным арганізацыям у Беларусі, так і дзяржаўным арганізацыям, якія могуць звяртацца па падтрымку да замежных донараў і рэалізоўваць праекты, спрыяючы вырашэнню праблемы.


Паездкі за мяжу


Вядома, што найбольш талерантнымі краінамі з’яўляюцца тыя, грамадзяне якіх маюць магчымасць падарожнічаць і пазнаваць свет за межамі сваёй дзяржавы. Гэта пацвярджае The Legatum Prosperity Index 2016.

Магчымасць пабачыць свет дае разуменне таго, што іншы – не значыць дрэнны. З’яўляецца свядомасць, што такі чалавек таксама паўнавартасна можа жыць у грамадстве. Так, Захад у параўнанні з Беларуссю, напэўна, здзівіць колькасцю людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў публічных месцах. І, сапраўды, цяжка ўявіць, што там інвалід-вазочнік не можа патрапіць у забаўляльную ўстанову.

Беларусам трэба больш ездзіць за мяжу. І не толькі па пакупкі ў суседнія Польшчу і Літву. І дапамагчы ім у гэтым павінна дзяржава, забяспечваючы пэўны ўзровень жыцця сваім грамадзянам, а таксама праводзячы адкрытую і прыязную замежную палітыку.
ideaby.org