«Новы Час» стаў лаўрэатам прэміі Алеся Адамовіча

Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі імя Алеся Адамовіча. Сярод іх — газета «Новы Час», яе рэдактарка Аксана Колб і ўвесь калектыў газеты.

adam_833x388.jpg


На фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» традыцыйна ўручаюцца некаторыя літаратурныя прэміі. Не стане выключэннем і сёлетняя «Прадмова». Падчас варшаўскіх фестывальных мерапрыемстваў будуць уручаныя 2 прэміі – імя Алеся Адамовіча і імя Францішка Багушэвіча.
Лаўрэатаў прэміі Адамовіча на кракаўскім дні «Прадмовы» абвясціла старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай, перадае Радыё Рацыя:
– Я хацела б абвясціць чатырох лаўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год: газета «Новы Час» і яе рэдактарка Аксана Колб і ўвесь калектыў газеты; кніга, прысвечаная расстраляным пісьменнікам 30-х гадоў ХХ стагоддзя, якая выйшла ў Менску ў выдавецтве Янушкевіча, —  «(Не)рассталяныя»; паэтычны дзённік Дзмітрыя Строцава «Беларусь перакуленая»; Вольга Шпарага з кнігай «У революции женское лицо. Случай Беларуси».
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1995 годзе і ўручаецца за найлепшыя публіцыстычныя публікацыі году.