Пачалася падрыхтоўка «Чорнай кнігі сталінізму ў Беларусі»

У Мінску прайшло першае паседжанне грамадскага трыбуналу «Злачынствы сталінізму ў Беларусі».



1112222.jpg

Яно было прысвечана злачынствам савецкай улады ў Заходняй Беларусі пасля аб’яднання краіны ў 1939 годзе, а таксама гістарычнаму феномену «Беларускага катынскага спісу».

«Беларускі катынскі спіс» — гэта пералік асобаў, забітых бальшавікамі на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе на падставе пастановы Палітбюро аб знішчэньні польскіх грамадзян. Цалкам ён пакуль не знойдзены. Даследчыкі лічаць, што ў ім не менш за 3 870 імёнаў.

​​Паводле слоў гісторыка Ігара Кузняцова, сёння моладзь ня ведае, што такое Катынь і Курапаты:
«Цяпер не дастаткова даць прававую ацэнку дзеянням сталінскіх катаў. Сённяшняя ўлада таксама павінна несці адказнасць за замоўчванне трагічных падзеяў нашай гісторыі, бо ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб злачынствы сталінізму былі забытыя ў народнай свядомасці».

Ігар Кузняцоў нагадаў, што пасля 1994 году ўсе даследаванні сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі былі згорнутыя. У 2000 годзе замянілі падручнікі. Сёння Беларусь — адзіная краіна, дзе праблема цалкам замоўчваецца.
«Мы разумеем, што 20–30 чалавек ня зьменяць сытуацыю, але калі не будзе нас, праз 10 год пра рэпрэсіі ўвогуле ніхто не ўзгадае», — адзначыў гісторык.

Мэта грамадскага трыбуналу — трывала аднавіць у народзе памяць пра рэпрэсіі і паказаць маладому пакаленню, што злачынствы не застануцца забытымі і беспакаранымі. Бо калі няма пагрозы пакарання, улада становіцца больш нахабнай.

Як падкрэсьліў у сваёй прамове Ігар Кузьняцоў, «сталінізм не павінен сысці ад адказнасьці за расстрэлы святароў, ганенні веруючых, злачынствы супраць сумлення, зьнішчэнне ўсіх традыцыйных саслоўяў, практыку нечуваных фальшаванняў, сфабрыкаваных прысудаў, расстрэлаў без суду і следства, за катаванні, арганізацыю канцлагераў, за знішчэнне палітычных партыяў, за бяздарнае вядзенне вайны, за шматлікія неапраўданыя ахвяры савецкіх жаўнераў, за лёсы ваеннапалонных, якіх перагналі ў савецкі ГУЛАГ, за цкаваньне навукоўцаў, літаратараў, пісьменнікаў, мастакоў...»
​​

Прадстаўнік міжнароднага Мэмарыялу Уладзімір Раманоўскі патлумачыў, чым абумоўлена стварэнне грамадскага трыбуналу менавіта цяпер:

«Для мяне асабіста гэта вынікае зь лёсу маіх продкаў. Я нарадзіўся ў Магадане, у сям’і рэпрэсаваных бацькоў. Актуалізуюць неабходнасць стварэння грамадскага трыбуналу цяперашнія падзеі ў Расіі. Сталінізм уздымае галаву. Сталін абяляецца. Улада Расіі ня можа дамовіцца не толькі са сваім грамадствам, але і з усім светам. І гэта ўплывае на сітуацыю ў Беларусі».

Аб’яднанне Беларусі ў 1939 годзе, на думку ўдзельнікаў паседжання, было палітае крывёй. Агульныя лічбы рэпрэсіяў пасля аб’яднання — каля 300 тысяч чалавек (расстрэлы і дэпартацыя). Гэта сапраўдны кошт аб’яднання краіны.

​​Удзельнікі паседжання адзначылі, што злачынны рэжым спарадзіў злачынныя структуры. Усе супрацоўнікі НКУС і іншых карных структур нясуць адказнасць за злачынствы па аналогіі з прызнаннем у Нюрнбергу ваенізаваных фармаванняў SS злачыннай арганізацыяй.

Красавік-травень 1940 году былі азнаменаваныя карнай апэрацыяй, якая мае прыкметы генацыду. Гэта расстрэл польскіх ваеннапалонных і арыштаваных прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі. Масавае забойства органамі НКУС каля 11 тысяч польскіх грамадзян можна класіфікаваць як злачынства супраць чалавечнасці.

У склад грамадскага трыбуналу «Злачынствы сталінізму ў Беларусі» на сённяшні дзень увайшлі гісторыкі, краязнаўцы, пісьменнікі, прадстаўнікі міжнароднага Мемарыялу. Сярод іх — Ларыса Андросік, Аляксандар Прушынскі, Валеры Вядун, Ільля Копыл, Уладзімер Куфцерын, Станіслаў Лісоўскі, Анатоль Валахановіч, Зінаіда Тарасевіч, Ігар Кузьняцоў, Сяргей Ханжанкоў, Леанід Акаловіч, Уладзімер Раманоўскі.
На паседжанні была створаная рэдкалегія «Чорнай кнігі сталінізму ў Беларусі». Паводле ініцыятараў трыбуналу, злачынствы, здзейсненыя падчас калектывізацыі (генацыд), ня маюць тэрміну даўнасці.

У межах працы трыбуналу плануюцца розныя фарматы паседжанняў, у тым ліку выязныя, прымеркаваная да знакавых гістарычных датаў, калі злачынствы камунізму дасягалі апагею. 29 кастрычніка 2015 году будуць падведзеныя вынікі трыбуналу.