Пачаліся суды над удзельнікамі акцый пратэсту супраць дэкрэта №3

У Оршы, Рагачове і Брэсце сёння раніцай праходзяць суды над затрыманымі падчас акцый пратэсту супраць дэкрэта № 3.

118bb834_aaf8_40dc_a52e_ee6383eeecf3_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Мітынг супраць дэкрэту аб дармаедах у Маладзечне. Ілюстрацыйнае фота "Радыё Свабода".

Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", у Оршы пачаліся разборы адміністрацыйных спраў затрыманых у нядзелю карэспандэнта "Радыё Свабода" Галіны Абакунчык і журналіста-фрылансера Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Справы разглядае суддзя Іна Кохава.

У Брэсце ў панядзелак у 9.30 пачаўся суд над затрыманымі напярэдадні Андрэем Дзенюшкіным, Русланам Халікавым, Дзмітрыем Леўчуком, Уладзімірам Асінчанкам і Канстанцінам Копацем, а таксама блогерамі Дзмітрыем Гарбуновым і Сяргеем Пятрухіным.

Усяго падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў у Оршы, Рагачове і Брэсце, паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, было затрымана 19 журналістаў і блогераў. Большасць з іх адпусцілі праз тры гадзіны.

Як раней паведамлялася, 12 сакавіка, нягледзячы на арышты лідараў апазіцыі, акцыі супраць дэкрэта "аб дармаедах" прайшлі ў чатырох гарадах Беларусі — Бабруйску, Брэсце, Оршы і Рагачове. У Бабруйску і Оршы акцыі апынуліся найбольш масавымі, на кожную з іх сабралася каля 1.000 чалавек.

У Брэсце раніцай 12 сакавіка затрымалі блогераў Сяргея Пятрухіна і Дзмітрыя Гарбунова, у Бабруйску — старшыню мясцовай арганізацыі прафсаюза РЭП Галіну Смірнову. Шматлікія затрыманні зафіксаваныя ў Оршы. У Аршанскі РАУС было дастаўлена больш за дзесяць затрыманых, у тым ліку палітык Павел Севярынец, журналісты Галіна Абакунчык, Кацярына Андрэева, Андрэй Шаўлюга, блогер Анастасія Пялюгіна.

Раніцай на аршанскім чыгуначным вакзале былі затрыманыя журналісты Адар'я Гуштын, Сяргей Гудзілін, Таццяна Матвеева і Сяргей Серабро. Іх пратрымалі ў міліцыі ад паўтары да трох гадзін і адпусцілі без складання пратаколаў.

Раней у Маладзечне былі асуджаныя на 15 сутак лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта № 3, якая прайшла ў гэтым горадзе 10 сакавіка.

9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу жорстка рэагаваць на дзеянні арганізатараў вулічных акцый супраць дэкрэта № 3. "Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць гэтых правакатараў", — сказаў ён. "Працаваць трэба на папярэджанне, я кажу гэта публічна. І ўсе тыя, якіх мы выпусцілі з засценкаў за мінулыя дзеянні, калі яны не зразумелі, іх трэба вярнуць назад", — заявіў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН