Пад Воршай пачалі будаваць завод стралковай зброі

Старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі Раман Галоўчанка расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пра будаўніцтва заводу для вытворчасці агнястрэльнай зброі, паведамляе Радыё Свабода

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году

«Пакуль гэта службовая і цывільная зброя. Але гэта баявая зброя».

Цяпер у Беларусі стралковая зброя збіраецца з замежных камплектных частак, але «ідзе асваенне» вытворчасці частак зброі на беларускіх прадпрыемствах, расказаў Галоўчанка. Пакуль, дадаў, збіраюць службовую і цывільную зброю, але гэта таксама баявая зброя, якая «адрозніваецца толькі некаторымі параметрамі ад той, што выкарыстоўваецца ва Узброеных сілах».
Новы завод будуецца недалёка ад Воршы, на ім будуць вырабляць найперш патроны для стралковай зброі, але арганізуюць і ўчасткі зборкі самой зброі, а затым і яе вытворчасці.
«Мы, вядома, задавальняем уласныя патрэбы, — казаў Галоўчанка пра вытворчасьць зброі. — Але, як кіраўнік дзяржавы і патрабуе, трэба зарабляць у першую чаргу валюту за мяжой ад продажаў».
Ён таксама згадаў Аршанскі авіярамонтны завод, нацыяналізаваны на загад Аляксандра Лукашэнкі: прадпрыемства вырашылі захаваць як асобную юрыдычную асобу, а не далучаць да іншых, а таксама захаваць яго менавіта як авіярэмонтны завод, не мяняючы сферу дзейнасці. У цэхах на гэты момант, кажа Галоўчанка, ужо ідзе рамонт верталётаў.
Беларусь, дадаў ён, імкнецца да таго, каб сярод усёй авіяцыі доля беспілотных апаратаў дасягнула траціны. Галоўчанка кажа, цяпер чакае ад вытворчасці такіх апаратаў у Беларусі «скачка» – невялікія беларускія беспілотнікі ўжо паставілі на ўзбраенне, ідзе распрацоўка ўдарных апаратаў.
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Галоўчанкам 12 лістапада загадаў за год падвоіць заробкі на вайсковай вытворчасці. Як гэта зрабіць, ён не ўдакладняў, але акцэнтаваў увагу на «высокім попыце на разумную высокадакладную зброю і асабліва на сродкі барацьбы з гэтай зброяй». Ён таксама адзначыў, што «мы вырабляем абаронныя сыстэмы» і «наступаць ні на кога не збіраемся».
За месяц да таго, 5 кастрычніка на вайсковым палігоне ў Берасцейскай вобласці Лукашэнка казаў, што «аўтаматы, пісталеты, кулямёты і боепрыпасы да іх, ня дай божа вайна, мы раздамо ў кожную сям'ю».
Паводле ягоных падлікаў, раздаць давядзецца 7 млн адзінак зброі (пры насельніцтве краіны каля 9,5 млн чалавек). Ці разлічваюць цяпер вырабіць у Беларусі менавіта гэтыя 7 млн, ці нейкі іншы аб’ём, невядома.