Падпісаны закон аб амністыі: на волю выйдзе каля 2 тысяч асуджаных
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з
75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Як
паведамляе ягоная прэс-служба, дакумент прыняты з мэтай «рэалізацыі
прынцыпу гуманізму і ў сувязі са значнай датай у гісторыі Рэспублікі
Беларусь», піша Еўрарадыё.
Пад амністыю трапляюць асобы, якія былі асуджаныя за злачынствы, што не адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх:
-непаўналетнія;
-цяжарныя жанчыны;
-самотныя мужчыны і жанчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей;
-асобы пенсійнага ўзросту;
-інваліды І і ІІ груп;
-асобы, якія маюць анкалагічныя захворванні;
-асобы, якія маюць ільготы як удзельнікі баявых дзеянняў і пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС.
Асуджаным паводле ч. 1, 2, 3 арт. 328 КК (злачынствы, звязаныя з незаконным абарачэннем наркотыкаў) скароцяць тэрмін пакарання на 1 год, а непаўналетнім — на 2 гады.
Усяго на волю выйдзе каля 2 тысяч чалавек.
Амністыя не распаўсюджваецца на рэцыдывістаў, якія ў 2014-2019 гадах траплялі пад аналагічныя законы або памілаванне, але зноў наўмысна здзяйснялі злачынства. Таксама па амністыі не выйдуць асобы, што не сплацілі цалкам прысуджаныя кампенсацыі. Застануцца за кратамі асуджаныя за цяжкія злачынствы (забойствы, цяжкія цялесныя пашкоджанні, сэксуальны гвалт).