Пайшоў па мандарыны — атрымаў 15 сутак. Дзівосы беларускай Феміды
«Думкамі падтрымліваў мітынгуючых, але ўдзелу не прымаў». Гэтая фраза з пратакола затрымання, апублікаваная тэлеграм-каналам «Списки задержанных», узбурыла беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Між іншым, крамольныя думкі каштавалі чалавеку 13 сутак арышту. Мы паглядзелі, якія яшчэ абсурдныя выпадкі падчас судовых пасяджэнняў зафіксавалі валанцёры ў лістападзе.

Паводле пратаколу, 38-гадовы А.Іваноў «дружна крычаў у калоне “Жыве Беларусь”, выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю адзіным магчымым зараз спосабам». Вынік — 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Спадару Лучыновічу А. можна толькі паспачуваць: на наступным тыдні яго чакала вяселле, да таго ж будучая жонка на 9 месяцы цяжарнасці. Сваю віну ён не прызнаў, бо, як сцвярджае, у нядзелю ішоў на рынак. Усе гэта не зашкодзіла суддзія Кацару С.А. асудзіць мужчыну на 13 сутак. Што ж, жадаем спадару Лучыновічу, каб яго дзіцё нарадзілася здаровым і гадавалася ўжо ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі!

А вось 63-гадовы Ліхачоў В. «на эмоцыях хлопнул рукой па транспарту силовиков», калі пабачыў жорсткія затрыманні і збіццё каля гасцініцы «Арбіта» 15 лістапада. За гэта яго затрымалі і склалі пратакол па арт. 339 ч.1 КК. А потым яшчэ дадалі 23.34, па якім судзілі і далі штраф у 20 базавых. Узгадваюцца радкі з «Народнага альбому»: «I словаў бракуе, каб выказаць гэта. I не хапае моцы, Каб далей гэта моўчкі трываць».

Інваліду 3-й групы Сабанцавай А. АМАП спачатку не дазволіў прасці разам за знаёмымі ў рэстаран «Васількі», а потым увогуле затрымаў. Вынік: 20 базавых.

Трыццаць базавых каштаваў спадару Рыжыкаву П. дыванок для ёгі, па які ён выйшаў у спартовую краму.
Пэўна, час пераходзіць на дынамічныя практыкаванні, напрыклад, бег, ды не трушком, а ва ўсю моц!

Цікавы выпадак адбыўся з магістрам прыродазнаўчых навук Кавалеўскім А. каля ёлкі побач з Нацыяльнай бібліятэкай. «Вадзілі карагод вакол ёлкі каля Нацыянальнай бібліятэкі. Хтосьці крыкнуў “Бусікі” і ўсе пабеглі, і я таксама, бо аднаму заставацца і вадзіць карагод не хацелася». Вынік — 15 сутак. Між іншым, у Кавалеўскага А. трое непаўнагадовых дзетак, і па законе яго не могуць пасадзіць на суткі. Але ж ці беларускія суды гэта пра закон?
Дарэчы, цікава, ці не азначае гэта, што сёлета калядныя і навагоднія святы пад пагрозай? І «Грынчы» ў судзейскіх мантыях будуць караць за любую праяву вяселля і радасці каля гарадскіх елак? Да таго ж, адзенне Дзеда Мароза колерам не менш як на 23.34 цягне.
25-гадовы Лаферчук А. ішоў у кніжную краму, каб набыць для дзяўчыны «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Але замест кнігі малады чалавек атрымаў 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

А вось спадар Лазараў не змог парадаваць пляменніка мандарынамі. У «Кароне» яны аказаліся дарагімі, у «Суседзях» іх не было, а потым мінчука схапілі і асудзілі на 15 сутак

Не пашанцавала і іншаму мінчуку: 15 лістапада спадар Рагіня прыпаркаваўся ля крамы "Суседзі", але не паспеў прыняць удзел у шэсці. Нягледзячы на гэта, а таксама на наяўнасць трохгадовай дачкі, яго асудзілі на 13 сутак.

Нечакана скончылася сустрэча спадара Сухога М. з сястрой у «Гіпа». Планавалася спакойна абмеркаваць сямейныя справы — маці знаходзіцца ў лякарні. Але мужчыну затрымалі, пакуль ён чакаў сваячку з прыбіральні. «Напэўна, таму што высокі», мяркуе ён. Як вынік – 14 сутак.

А вось спадара Тарасенку В. затрымалі па дарозе ў краму, куды ён рушыў за «пальцам пханымі кілбасамі», і асудзілі на 15 сутак арышту.

Трэнер па футболе Пратасеня С. Прыйшоў на плошчу Перамен каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. З сабой мужчына прынёс чырвона-зялёны сцяг. «Ці магу я знаходзіцца тут з гэтым сцягам?», спытаў ён у амапаўца. У адказ трэнера адвезлі ў РУУС і асудзілі на 14 сутак.

Вы, напэўна, памятаеце, як у 2011 годдзе аднарукага інваліда аштрафавалі за апладысменты. У 2020-м свае вынаходніцтвы: напрыклад, спадара Масальскага Д. абвінавацілі ў тым, што ён крычаў «Жыве Беларусь», нягледзячы на тое, што ў хлопца зламаная сківіца і з хаты ён выйшаў у аптэку за абязбольвальным. Але замест абязбольвальнага атрымаў удар ў спіну і апынуўся ў РУУС. Вынік — 50 базавых.

Спадар Быкоўскі В. выхоўвае 5 дзяцей, чацвёра з іх непаўнагадовыя. затрымалі каля Палаца спорту 8 лістапада. З сабой у яго не было ніякай сімволікі, апроч лега, але і гэта пацягнула на 15 сутак.

Як бачым, беларуская Феміда не толькі сляпа, глуха, але і трохі неадэкватна. Затрымаць могуць каго заўгодна, дзе заўгодна і на любой падставе. І не мае значэння, ці ўдзельнічаеце вы ў акцыях пратэсту ці проста выйшлі за хлебам. Судовыя пасяджэнні сталі фармальнасцю. Інваліды, пенсіянеры, шматдзетныя бацькі — усе трапляюць пад судовы канвеер і атрымліваюць «суткі» ці ў лепшым выпадку гіганцкія штрафы. Вельмі не хочацца, каб гэта стала «нормай». Але дзеля гэтага менавіта зараз не варта спыняцца. Ад нас усіх залежыць, як хутка ў нашу краіну вернецца Права.