Пакуль чыноўнікі бяздзейнічаюць, студэнты ўцякаюць з Беларусі
Закасцянеласць і жудасная непаваротлівасць дзяржаўнай машыны, адсутнасць стратэгіі развіцця і канвертавання навучання ў заробак і сацыяльны статус, нізкая матывацыя студэнтаў і выкладчыкаў загналі беларускую адукацыйную сістэму ў крызіс.
Рэформы нікому не патрэбныя?
29 лістапада павінны былі адбыцца парламенцкія слуханні па новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Але іх... адмянілі. Дакумент быў апублікаваны для грамадскага абмеркавання яшчэ ў лютым, і да гэтага часу невядома, калі ён будзе прыняты. Пакуль што слуханні перанеслі на наступную вясну.
Паколькі шэраг экспертаў не запрасілі на слуханні, якія ўрэшце так і не адбыліся, кампанія «Гавары праўду» арганізавала ўласнае абмеркаванне праблем і будучыні беларускай адукацыі, дзе свае меркаванні маглі агучыць прадстаўнікі грамадзянскай і палітычнай супольнасцяў, выкладчыцкага корпуса, студэнцтва.
Яшчэ сёлета ў сакавіку Грамадскі Балонскі камітэт прапанаваў дакумент на 96 старонках, дзе змешчаны экспертныя ацэнкі і рэкамендацыі да Кодэкса аб адукацыі ў адпаведнасці з абавязальніцтвамі Беларусі па выкананні дарожнай карты Балонскага працэсу. Заўвагі перададзены ў міністэрствы адукацыі і замежных спраў, а таксама ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, распавёў сябра ГБК Уладзімір Дунаеў. Такім чынам, беларуская сфера адукацыі, якая і без таго знаходзіцца ў глыбокім крызісе, страціла яшчэ адзін год, збочыўшы са сцяжыны рэформ.
Паводле ацэнак World Bank, Беларусь займае сумнеўнае лідарства сярод краін Еўропы па дэфіцыце кампетэнцый выпускнікоў пры вялікай колькасці людзей з дыпломамі. Апроч таго, мы — ледзьве не чэмпіёны Еўропы па колькасці студэнтаў, што выязджаюць вучыцца за мяжу (з іх каля 70% — у Расію).
Праўда, большасць, здавалася б, галоўных стэйкхолдараў — студэнтаў і выкладчыкаў — пакуль што сама не зацікаўлена ў паляпшэнні якасці навучання. Для першых яно пераўтвараецца ў адстойванне чаргі па дыплом, для другіх — у звыклае «адбарабаньванне» належных акадэмічных гадзін, пры гэтым ні ад студэнтаў, ні ад выкладчыкаў не патрабуецца індывідуальнага падыходу да прадметаў, і перад імі не адкрываецца ніякіх прывабных перспектыў. Студэнцтва ж мае нізкую матывацыю да вучобы (а пасля і працы) яшчэ і з той прычыны, што ніяк не можа паўплываць на адукацыйны працэс. Па словах прадстаўніцы Задзіночання беларускіх студэнтаў Аляксандры Кузьміч, ВНУ самі не зацікаўленыя ў адлічэнні студэнтаў, таму апошнім не трэба прыкладаць асаблівых высілкаў для атрымання дыпломаў. Да таго ж формы ўніверсітэцкіх заняткаў часам знішчаюць усялякае жаданне на іх хадзіць.
— Калі лекцыі не вартыя таго, каб іх наведваць, ці наведвальнасць ставіцца вышэй за змест, які на іх выкладаецца, ці калі выкладчыкі на занятках даюць метадычку, а самі сыходзяць — і прыходзяць толькі ў канцы, то не трэба патрабаваць ад людзей, якія цэняць свой час, таго, каб яны былі ў гэтым зацікаўленыя, — гаворыць актывістка.
Простая эканоміка
Дацэнт Вышэйшай школы эканомікі Санкт-Пецярбурга і сябра ГБК Андрэй Лаўрухін прапануе суаднесці паказчыкі ўзроўню чалавечага развіцця (якія ў нас досыць высокія) і ВУП (наадварот, зусім нізкія). Гэта сведчыць пра тое, што выкарыстанне наяўнага чалавечага капіталу ў вышэйшай ступені ўскладнена. Вось чаму так часта беларусы, што выязджаюць за мяжу, становяцца паспяховымі менавіта там: яны атрымліваюць магчымасць рэалізавацца.
— Адукацыя не разглядаецца як капітал, які будзе працаваць і канвертавацца не толькі ў высокія зарплаты, але і ў сацыяльныя статусы, прызнанне ў грамадстве. А толькі пры гэтым можа працаваць канкурэнцыя, — перакананы Андрэй Лаўрухін.
Яшчэ адным антыматывацыйным чыннікам з’яўляецца размеркаванне выпускнікоў-бюджэтнікаў. Паводле звестак Міністэрства адукацыі, сёлета было размеркавана на працу амаль 99% выпускнікоў ВНУ і каля 98% выпускнікоў ССНУ. Такім чынам атрымліваецца прыгожая карцінка, хоць насамрэч размеркаванне перашкаджае і рынку працы, і самім выпускнікам часта псуе планы на жыццё. У той час як у рамках еўрапейскага досведу ёсць механізмы, якія без такіх ахвяр спрыяюць атрыманню выпускніком першага працоўнага месца.
— Працадаўцу выгадней браць чалавека з пэўным досведам, чым выпускніка. Каб змяніць сітуацыю, працадаўцу неабходна заахвочваць. І гэта практыкуецца ў Еўропе: яму плацяць грошы за тое, каб ён узяў выпускніка. У Беларусі складана знайсці на гэта сродкі. Але чаму б не выкарыстоўваць падатковыя ільготы для такіх працадаўцаў? Дарэчы, БРСМ у свой час выступаў з такой ініцыятывай, праўда, прапаноўваў ільготы толькі для сяброў арганізацыі, — выказвае прапанову Уладзімір Дунаеў.
Яшчэ адзін прадстаўнік ГБК Павел Церашковіч перакананы ў тым, што адукацыя — гэта наш адзіны шанец. Бо ў нас няма 100-мільённага ёмістага ўнутранага рынку, які б стаў драйверам развіцця краіны, ці рэдкіх карысных выкапняў. Таму ў Кодэксе павінны быць тыя палажэнні, якія зробяць нашу адукацыю лепшай.
— Яны зробяць настаўніка не «лузерам» у вачах большасці насельніцтва, а паважаным чалавекам. І як бы банальна гэта ні гучала, пакуль настаўнікі будуць атрымліваць заробак, значна ніжэйшы за сярэдні па краіне, нічога не зменіцца, — гаворыць эксперт.
Дзевяць крокаў
Але найвялікшы недахоп нашай сістэмы адукацыі — нават не фінансаванне, а адсутнасць якой-кольвечы стратэгіі развіцця. Такой стратэгіяй мог бы стаць Балонскі працэс. Але і ў рэалізацыі балонскіх рэформ Беларусь не можа пахваліцца поспехамі. У 2015 годзе, калі нашу краіну ўмоўна ўключылі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, дзяржава «ў нагрузку» атрымала дарожную карту — шэраг рэфармацыйных абавязальніцтваў, якія павінна была выканаць цягам трох гадоў.
Адметна, што, хоць тэрмін выканання дарожнай карты для нашай краіны заканчваецца ў траўні 2018 года, дакумент да гэтага часу так і не быў афіцыйна перакладзены з англійскай мовы на беларускую ці рускую (відаць, нашы чыноўнікі перакананыя, што большасць насельніцтва краіны свабодна чытае па-англійску).
Дзякуючы валанцёрам, пераклады дарожнай карты, а таксама іншых асноўных дакументаў Балонскага працэсу на абедзве дзяржаўныя мовы ўсё ж з’явіліся ў вольным доступе, але пазнаёміцца з імі могуць толькі людзі, якія ведаюць пра існаванне сайта ГБК. Нават загад міністра адукацыі аб імплементацыі інструментаў Балонскага працэсу ў 2016 годзе немагчыма знайсці ў адкрытым доступе — такім чынам, усё, што звязана з выкананнем дарожнай карты, ахутана «туманам таямнічасці».
Ці варта казаць пра тое, што вынікі яе рэалізацыі, мякка кажучы, засмучаюць? Сярод патрабаванняў дакумента ёсць прынамсі дзевяць грамадска значных задач, што стаяць перад беларускай вышэйшай адукацыяй. Гэта пераход да трохпрыступкавай архітэктуры вышэйшай адукацыі, выдача еўрапейскага дадатку да дыплома, стварэнне нацыянальнай рамкі кваліфікацый (Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая яе не мае і карыстаецца яшчэ савецкімі тарыфна-кваліфікацыйнымі даведнікамі).
Да таго ж найважнейшыя патрабаванні дарожнай карты датычацца зменаў у існуючай сістэме выдачы дазволаў на замежныя паездкі выкладчыкаў і студэнтаў, стварэння незалежнага агенцтва кантролю якасці адукацыі, адмены размеркавання выпускнікоў, прадастаўлення фінансавай дапамогі выпускнікам прыватных ВНУ, гарантый акадэмічнай свабоды і забеспячэння права студэнтаў на стварэнне і рэгістрацыю студэнцкіх арганізацый.
На сённяшні дзень ніводны з гэтых пунктаў не выкананы. Былі спадзяванні, што ўдасца рэалізаваць хаця б два з іх, калі прымуць новую рэдакцыю Кодэкса, аднак цяпер гэтых спадзяванняў не застаецца, бо да траўня 2018 года дакумент наўрад ці будзе прыняты.
— Тэрмін выйшаў, і рэпутацыя Беларусі ад гэтага церпіць. Бо дарожная карта — адзіная праграма рэформ, узгодненая з Еўропай, — зазначае Уладзімір Дунаеў.
Але замест таго, каб здзейсніць тыя дзевяць рэфармацыйных крокаў, на якія самі ж падпісаліся, нашы чыноўнікі ўпарта стараюцца наноў вынайсці кола.
Аднак што рабіць з Беларуссю, якая, па сутнасці, сарвала тэрміны выканання дарожнай карты? Студэнцкія актывісты часам кажуць, што трэба патрабаваць выключэння нашай краіны з Балонскага працэсу. Але ці найлепшае гэта рашэнне? Эксперты ГБК лічаць, што большую карысць для нас прынясе працяг рэформ, а не адсячэнне адзінай магчымасці для іх рэалізацыі. Яны плануюць звярнуцца да парыжскага саміту міністраў адукацыі 2018 года з прапановай падоўжыць тэрмін дзеяння дарожнай карты і настойваць на яе поўным выкананні Беларуссю.