Палітвязень Івашкоў падчас апошняга слова ў судзе: «Мой прэзідэнт – Святлана Ціханоўская. Жыве Беларусь!»
Сёння ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля з апошнім словам выступіла давераная асоба кандыдаткі Ціханоўскай па Гомельшчыне падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў палітвязень Дзмітрый Івашкоў, піша «Гомельская праўда». Яго разам з Юрыем Уласавым, Таццянай Канеўскай, Аляксандрам Шабалінам вінавацяць у падрыхтоўцы т. зв. «масавых беспарадкаў» і спробах захопу адміністрацыйных будынкаў.
У апошнім слове Дзмітрый падзякаваў родным, сябрам, неабыякавым беларусам у Беларусі і за яе межамі за падтрымку і салідарнасць, адвакатам за абарону падчас следства і судовага працэсу. Вінаватым сябе катэгарычна не прызнаў:
«Справа цалкам сфабрыкаваная. Усё абвінавачанне трымаецца толькі на адным доказы: запісы нашай размовы са Святланай Ціханоўскай 5 жніўня, які, да таго ж, яшчэ і змантаваны. Наогул суд і пракуратуру лічу рэпрэсіўнымі органамі, якія падпарадкоўваюцца ўладзе, таму ім няма даверу».
Дзмітрый Івашкоў звярнуў увагу суду на паказанні эксперта, які правяраў відэа размовы давераных асоб з кандыдаткай Ціханоўскай. У адным дакуменце (том № 4) эксперт кажа, што не можа зрабіць заключэнне, ці быў мантаж гэтай стужкі, бо яму трэба мець такое самае абсталяванне, на якое быў зроблены гэты запіс. А яму яго не даюць, бо яно вельмі дарагое і каштоўнае. У другім жа дакуменце гэты ж эксперт кажа, што ён прыйшоў да высновы, што мантажу ў відэазапісе не было. Ні пракуратура, ні суд на гэта не звярнулі ўвагу.
Дзімітрый Івашкоў сказаў у апошнім слове, што падчас следства следчыя здзекаваліся з яго і фізічна, і маральна.
«Гэта незаконна. Чаму суд не звярнуў на гэта ўвагу? Трэба ж было расследаванне правесці, якім катаванням мяне падвяргалі».
Абвінавачаны адзначыў, што падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі як сябра ініцыятыўнай групы, а потым і давераная асоба кандыдаткі Ціханоўскай, дзейнічаў выключна ў межах Выбарчага кодэкса, усё было законна і не было аніякіх парушэнняў:
«Я не лічу Сашу-3% прэзідэнтам. Перакананы, што ён набраў максімальна 14% галасоў выбаршчыкаў, а 76% набрала Святлана Георгіеўна Ціханоўская. Яна — сапраўдны прэзідэнт Беларусі.
Жыве Беларусь!!!»
Дзмітрыя Івашкова затрымалі 27 верасня 2020 года падчас Маршу пратэсту ў Гомелі і змясцілі ў турму на «Валадарку» ў Мінску. Там яго ўтрымлівалі падчас следства, а перад судом, які пачаўся 12 красавіка, яго этапавалі ў гомельскае СІЗА №3.