Барыс Гарэцкі: Па цяперашнім часе будуць пісаць дысертацыі, кнігі і здымаць фільмы

Барыс Гарэцкі на старонцы ў Фэйсбуку разважае пра цяперашні час у Беларусі.

barys_harecki.jpg

У вельмі цікавы час мы жывем. Я абсалютна не змяншаю трагедыі таго, што 500+ невінаватых людзей кінутыя на каменную падлогу турмы, адкуль не могуць бачыць нават неба.
Але тыя, хто на волі, могуць на свае вочы назіраць найцікавейшую сацыяльную і псіхалагічную драму, якая разгортваецца ў чарговы гістарычны момант краіны.
Васіль Быкаў апісваў псіхалогію людзей Другой сусветнай вайны, Святлана Алексіевіч — людзей часу распаду СССР, Афгана і Чарнобыльскай трагедыі.
Мы ж — сузіральнікі чарговага глыбіннага нарыву, які выспявае і па-рознаму ўскрываецца ў вельмі розных людзях і сітуацыях. Але не закрануць, пакінуць абыякавым проста не можа.
Хтосьці яшчэ ў жніўні разам з усімі хадзіў на пратэсты. Хоць і не быў апазіцыянерам, але нават крыху паўдзельнічаў у страйку, адчуваючы водар блізкіх пераменаў. А цяпер вось зноў вымушаны сядзець на вахце ля варотаў і выбягаць галопам наперарэз, калі нейкі небарака раптам захоча сфатаграфаваць прахадную ці бчб-трубы твайго прадпрыемства:— Ты ж разумееш, разам паедзем на Акрэсьціна, — кіпіць унутраны псіхалагічны канфлікт, цісне, але прымушае бегчы.
Хтосьці летам упершыню набраўся смеласці і прыняў рашэнне не ўваходзіць у склад участковай камісіі ў сваёй школе, куды традыцыйна рабіць «правільныя выбары» ад БРСМ напраўлялі разам з завучам і вахцёрам. І нават тайком сфатаграфаваў і перадаў сапраўдныя лічбы. А цяпер вымушаны слёзна прасіць дзяцей садраць з дзённіка апазіцыйную налепку, якія сам тайком лепіць увечары ў ліфце.
Хтосьці ў жніўні ва ўсю моц сігналіў, праязджаючы праз Пушкінскую на службовым ПАЗіку. А цяпер лаецца ад унутранага канфлікту, залівае яго віном, але такі замалёўвае бчб-сцягі на сценах.
А хтосьці наадварот сыйшоў у «сёстры міласэрнасці». Стараецца захоўваць на працы спакой і не падаваць выгляду, а па вечарох рыхтуе перадачы, дзяжурыць ля РАУСаў і нават кожную вольную капейчыну перадае сем'ям асуджаных. Стаіць у чэргах ля Акрэсьціна і Жодзіна.
А хтосьці азлобіўся. Глядзіць БТ і, не маючы альтэрнатыўнай інфармацыі, з жахам думае, што свет гіне. І што ўся сусветная закуліса не спіць і толькі марыць забіць гаранта і разарваць наш апошні клачок зямлі на шматкі. Нават з дзецьмі і ўнукамі пасварыўся, не размаўляе з імі, але стаіць на сваім.
І яшчэ сотні тысяч сітуацый. Па цяперашнім часе будуць пісаць дысертацыі ў розных галінах: і псіхолагі, і сацыёлагі, і эканамісты, і гісторыкі. Пісаць кнігі і здымаць фільмы.
Мы ж можам назіраць гэта ўжывую. Не проста назіраць — варыцца ў гэтым віры гістарычных падзеяў. Кіпець у ім, узлятаць уверх і падаць на дно.
Крута было б выжыць у ім.
Не толькі асабіста, а ўсёй краіне.