Памёр дзеяч яўрэйскай грамады ў Беларусі Якаў Басін. Яму было 82 гады
17 лютага ў Ерусаліме памёр гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч Якаў Басін, паведамляе newsru.co.il. Яму было 82 гады. З 2010 года дзеяч яўрэйскай грамады ў Беларусі жыў у Ізраілі. Там ён і быў пахаваны — на іерусалімскіх могілках у раёне Гіват Шауль.

Якаў Басін — ураджэнец Мінска, выпускнік Мінскага медінстытута. Працаваў лекарам, з'яўляецца аўтарам навуковых прац. У 1960-я гады быў сярод арганізатараў Мінскага джаз-клуба, адзін з заснавальнікаў беларускага Клуба вясёлых і знаходлівых. На БТ у той час быў аўтарам перадач па гісторыі джаза, КВЗ.
Якаў Басін займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю ў рамках яўрэйскай грамады ў Беларусі, пратэставаў супраць праяў дзяржаўнага антысемітызму. Летась Басін разам з дзясяткамі іншых выхадцаў з нашай краіны падпісаў зварот да міністра замежных спраў Ізраіля з заклікам выказаць дзяржаўную пазіцыю ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі.