Памёр Уладзімір Неўмяржыцкі

Увечары 13 лютага пайшоў з жыцця мазырскі актывіст і сябра партыі Народная Грамада Уладзімір Неўмяржыцкі.

neumiarshycki_mazyr_1.jpg

 13 лютага ў 23 гадзіны на 52-м годзе жыцця сышоў у лепшы свет адзін з самых актыўных сябраў партыі Народная Грамада, “кандыдат пратэсту” Уладзімір Неўмяржыцкі. Калегі захапляліся мужнасцю і сілай духу Уладзіміра Неўмяржыцкага.

Спадар Уладзімір хварэў на рак, але хаваў сваю хваробу, падтрымліваў сяброў і блізкіх. Апошнія тыдні ён знаходзіўся на лячэнні ў анкалагічным цэнтры, куды да яго штодня — да апошняга дня — з пагрозамі прыходзілі сілавікі.

За два апошнія гады, пачынаючы з красавіка 2020 года, Уладзімір Неўмяржыцкі перажыў мноства арыштаў і ператрусаў. Актывіст адмовіўся пакідаць Беларусь: пад яго апекай была старая маці.

Уладзімір Неўмяржыцкі — гонар беларускай нацыі, сапраўдны Герой, які не сумняваўся, што мы пераможам і Беларусь будзе свабоднай. Ён высока нёс сцягі на маршах і акцыях, не зважаючы на ​​небяспеку арыштаў і рэпрэсій. Яго смерць — непапраўная страта і вялікае гора для ўсіх, хто ведаў спадара Уладзіміра. Глыбокія спачуванні сям'і і блізкім Уладзіміра.