Party Animals у «Пясочніцы» — для жывёл і людзей (шмат фота)

11 верасня ў сталічнай прасторы «Пясочніца» адбылася дзённая вечарына Party Animals для жывёл і іх уладальнікаў. Упершыню такі івэнт арганізатары зрабілі ў ліпені, і ён людзям прыйшоўся даспадобы. Як сцвярджаюць арганізатары, тады мерапрыемства наведалі каля 800 жывёлаў і больш за 5000 іх аматараў і ўладальнікаў.

_party_animals___minsk___pjasocznica___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__32__logo.jpg


Наведвальнікі маглі атрымаць кансультацыі ад спецыялістаў-ветэрынараў, пачаставаць сваіх улюбенцаў нечым смачным, набыць новыя ланцужкі, нашыйнікі, упрыгожанні ці ляжанкі. Сабакі з задавальненнем знаёміліся і гулялі адзін з адным, некаторыя з іх наведалі міні-басейн і невялікую аджыліці-пляцоўку. Дасведчаныя аматары ахвотна дзяліліся сваімі ведамі, распавядалі пра розныя сітуацыі, з якімі ім прыйшлося сутыкнуцца. А яшчэ тут працавалі разнастайныя фотазоны, праводзіліся конкурсы — сумаваць часу не было!


Таксама ўдзел у вечарыне прымалі валанцёры з зааабарончых ініцыятыў Adopt Pets і «Заашанс», якія распавядалі пра беспрытульных жывёлаў. На іх кропках можна было набыць розныя рэчы і сувеніры. Грошы, атрыманыя ад продажу, пойдуць на падтрымку дзейнасці гэтых аб'яднанняў.


Немагчыма наведаць «Пясочніцу» і не пачаставацца рознымі смакоццямі, таму свабодных месцаў за столікамі і побач было зусім няшмат. Будзем спадзявацца, што яшчэ не раз мы з задавальненнем сустрэнемся на новых Party Animals.