Парушальнікаў экалагічнага заканадаўства не будуць вызваляць ад кампенсацыі шкоды

Указ, згодна з якім юрыдычныя асобы і грамадзяне, якія ўчынілі шкоду навакольнаму асяроддзю, маглі б атрымаць вызваленне ад кампенсацыі шкоды, дапрацоўвацца не будзе.

unnamed__1__55.jpg

У сакавіку грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) звярнула ўвагу на праект гэтага ўказа, апублікаваны для абмеркавання на прававым форуме forumpravo.by і неадкладна зрэагавала. АПБ правяла анлайн-брыфінг для журналістаў, дзе асвятліла праблемныя месцы праекта ўказа. Дзякуючы шырокаму асвятленню ў медыя многія людзі даведаліся пра праблему і пакінулі свае каментары на прававым форуме.
АПБ таксама накіравала ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь зварот, пад якім падпісаліся і 18 іншых грамадскіх экалагічных арганізацый, занепакоеных тым, што ўказ прывядзе да парушэння Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актаў і «развяжа рукі» патэнцыйным парушальнікам.
Акрамя таго, каардынатары Партнёрскай групы ўстойлівага развіцця накіравалі ліст з заўвагамі да праекта ўказа ў Мінпрыроды і нацыянальнаму каардынатару па Мэтах устойлівага развіцця, а ў пачатку красавіка абмеркавалі праект указа з яго распрацоўшчыкамі на анлайн-сустрэчы, арганізаванай Мінпрыроды на іх просьбу.
Праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб парадку вызвалення юрыдычных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, ад пакрыцця шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, кошту незаконна здабытай прадукцыі» прадугледжваў, што вырашаць, каго з кампаній-парушальнікаў вызваліць ад кампенсацыйных выплат, будзе міжведамасная камісія, якая складаецца з чыноўнікаў найвышэйшага звяна ўзроўню намесніка Міністра. Згодна з артыкулам 109 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь « Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам. ... Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца». Прыняцце Праекта прывяло б, фактычна, да ўтварэння надзвычайнага суда, з паўнамоцтвамі надзяляць прывілеяваным становішчам грамадзян і суб'екты гаспадарання. Праект не ўтрымліваў аб'ектыўных і празрыстых крытэраў працы Міжведамаснай камісіі.
Пры прыняцці гэтага праекта ўказа шматлікія буйныя кампаніі - патэнцыйныя забруджвальнікі, у асноўным дзяржаўныя, маглі б «расслабіцца». Катэгарычна супраць праекта ўказа выступілі і бізнес-саюзы, бо ўказ стварыў бы няроўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання рознай формы ўласнасці і спрыяў бы павелічэнню колькасці парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, стварыў бы ўмовы для карупцыйных праяў. На шчасце, праект не быў прыняты. Пра гэта мы даведаліся нядаўна.
Баляслаў Пірштук, першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь:  
— Перш чым прыняць нейкі дакумент, неабходна якасна прапрацаваць яго з усімі зацікаўленымі, у тым ліку з грамадскімі арганізацыямі. Таксама афіцыйна праект указа быў размешчаны на прававым сайце.
Паўторна ўсе заўвагі і прапановы Мінпрыроды прапрацавала з адпаведнымі кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі.
Прынята рашэнне, што нарматыўна-прававой базы на сёння дастаткова для таго, каб прыродаахоўнае заканадаўства не парушалася.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
— Усе маюць права на памылку. Мы ўдзячныя распрацоўнікам праекта ўказа, што яны прыслухаліся да крытычных заўваг экалагістаў, прадпрымальнікаў, юрыстаў і адмовіліся ўрэшце ад "паляпшэння" спрэчнага дакумента. Людзі, грукайцеся, інакш вас ніколі не пачуюць.
Такім чынам, неабходнасць кампенсацыі шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю, будзе і далей заставацца стрымовачным фактарам для парушальнікаў экалагічнага заканадаўства ў Беларусі.
Паводле прэс-рэліза