Пасля ператрусу ў кватэры Алеся Ліпая павезлі ва ўпраўленне ДФР

Пасля амаль сямігадзіннага ператрусу ў кватэры заснавальніка і дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая, яго павезлі ва ўпраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці. Пра гэта ён паведаміў журналістам, калі яго выводзілі з хаты.

svaboda.org

svaboda.org

Супрацоўнікі ДФР, якія праводзілі ператрус, вынеслі з кватэры Липая апячатаную скрынку.
У кватэру Ліпая прадстаўнікі ДФР прыйшлі 14 чэрвеня прыблізна ў 7 гадзін раніцы. Ліпай адразу ж звязаўся з праваабаронцам Алесем Бяляцкім і да яго прыходу не адчыняў дзверы. Ператрус пачаўся прыкладна ў 8.00.
Па словах Бяляцкага, ён прасіў следчую групу ўзяць яго ў якасці панятога, але праваабаронцу ў гэтым было адмоўлена. У якасці панятых следчыя запрасілі работнікаў жыллёва-камунальнай службы. У кватэру таксама не пусцілі адваката.
Вядома, што ордэр на ператрус падпісаў пракурор горада ў межах крымінальнай справы, якой менавіта — невядома.
Адвакат Алеся Ліпая паведаміла БелаПАН, што стэлефаноўвалася з ім падчас ператрусу, і цяпер накіроўваецца ва ўпраўленне ДФР па Мінску і Мінскай вобласці, каб прысутнічаць на допыце свайго падабароннага, а таксама даведацца, у якім статусе ён знаходзіцца.
Афіцыйны прадстаўнік ДФР Юрый Кардымон заявіў БелаПАН, што пакуль «не гатовы нічога сказаць» па гэтай справе.
Паводле belapan.by