Пасля раздачы разліковых квіткоў работніцы цэха плакалі
Работнікі філіяла «Слонімскі вінзавод» адкрытага акцыянернага таварыства «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь» у канцы мінулага тыдня атрымалі квіткі аб заробку і былі шакаваныя.
Заробак у іх у параўнанні з мінулымі месяцамі зменшыўся на 70–90 рублёў. Пра гэта “Радыё Рацыя” паведамілі работнікі разліўнога цэха № 1.
Па словах работнікаў, яны на некалькі гадзін спынілі працу і не хацелі запускаць цэх. Бо на іхнія рахункі паступілі заробкі каля 270 рублёў.
Многія жанчыны, калі ўбачылі квіткі, пачалі плакаць, задаючы пытанне дырэктару філіяла Андрэю Чышчэню: “Як можна за такія грошы пракарміць сям’ю і аплаціць камунальныя паслугі?”
Пасля гутаркі з кіраўніком філіяла, цэх запусцілі, але надзеі на лепшае работнікам філіяла «Слонімскі вінзавод» ніхто не даў.