Пасол Вялікабрытаніі Бакнел выступіць у Мінску з публічнай лекцыяй аб нацыянальнай самасвядомасці
Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнел 20 лістапада ў Мінску выступіць з публічнай лекцыяй "Нацыянальная самасвядомасць", паведамляе "Лятучы ўніверсітэт".
Падчас лекцыі Бакнел падзеліцца думкамі пра асаблівасці нацыянальнай самасвядомасці сваёй краіны, а таксама абнародуе акцэнты і пытанні, якія лічыць важнымі як для брытанцаў, так і для беларусаў.
"Для беларусаў пытанне ідэнтычнасці адно з тых, асабліва балючых і вострых, на якія няма адназначных адказаў, — гаворыцца ў паведамленні "Лятучага ўніверсітэта". — Нам нават можа падавацца, што ў гэтым спецыфіка толькі беларускага кантэксту і прыкметаў недафарміравання нашай нацыі, што ёсць краіны, дзе гэта пытанне не мае ў сабе такога праблемнага складніка". Аднак, як зазначаюць арганізатары, праблема нацыянальнай самасвядомасці характэрная не толькі для Беларусі, але і для Вялікабрытаніі. Гэта тое, што аб'ядноўвае дзве краіны сёння.
Выступленне дыпламата пачнецца ў 18.30 па адрасе: праспект Дзяржынскага, 57.
Таксама на сайце fly-uni.org будзе весціся анлайн-трансляцыя.
Лекцыя Бакнела 20 лістапада можа стаць апошнім публічным выступленнем дыпламата ў Беларусі. Яго паўнамоцтвы пасла ў краіне завяршаюцца. Новы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб пачне працаваць у студзені 2016 года.