Патрыёты ўшанавалі памяць Юркі Моніча
31 траўня група сяброў і прыхільнікаў Руху Салідарнасці «Разам» наведала Крупскі раён Мінскай вобласці, каб ушанаваць памяць Юркі Моніча, кіраўніка антыбальшавіцкага партызанскага руху ў Цэнтральнай Беларусі ў 1919–1924 гадоў, што загінуў у тых мясцінах у баі з чырвонымі 23 траўня 1924 года.
Крыж e памяць рэпрэсаваных Савецкай уладай на могілках вёскі Вялікія Жаберычы Крупскага раёну
Першым прыпынкам актывістаў сталі могілкі вёскі Вялікія Жаберычы, дзе знаходзіцца крыж у памяць рэпрэсаваных Савецкай уладай мясцовых жыхароў. У прысутнасці колькіх землякоў змагарнага беларуса, сярод якіх быў і ягоны далёкі сваяк, патрыёты ўсклалі кветкі, запалілі зьнічы й пад разгорнутымі бел-чырвонымі-белымі сцягамі прачыталі малітву й выканалі духоўны гімн «Магутны Божа».
Далейшая дарога вяла да ўзлеску, што знаходзіцца каля вёскі Радзіца. Менавіта там, на месцы гібелі Юркі Моніча, усталяваны памятны крыж у гонар беларускага героя.
Пасля ўскладання кветак да крыжа й малітвы, з прамовамі выступілі намеснік кіраўніка Руху Салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, грамадзкая актывістка Ніна Багінская, а паэт і бард Зміцер Захарэвіч прачытаў свой верш, прысвечаны Юрку Монічу, й выканаў колькі ўласных патрыятычных песняў.
"Юрка Моніч прыкладам свайго змагання, свайго ахвяравання паказаў, што Беларусь ёсць, жыве і будзе жыць!" — адзначыў падчас свайго выступу Алесь Макаеў.
Крыж на месцы гібелі Юркі Моніча ва ўзлеску непадалёк ад вёскі Радзіца Крупскага раёну.