Павел Дайлід: Ніхто такога год таму нават уявіць не мог
Ідзе планамерная зачыстка незалежных СМІ.
У Беларусі паўсюль ідуць вобшукі ў сталічных і рэгіянальных рэдакцыях СМІ і журналістаў. Некаторых журналістаў затрымліваюць.
Не застаўся па-за ўвагай сілавых структур і інфармацыйны сайт «Першы рэгіён». Пра гэта рэдактар Івацэвіцкага сайта «Першы рэгіён» Павел Дайлід распавёў «Радыё Рацыя»:
— Атмасфера нядобрая, мы ўсе перажываем адносна таго, што адбываецца з калегамі ў нашай рэдакцыі і ў іншых калег. Мы ж усе сябруем. Перажываем за ўсіх калег. Сёння вось толькі што чыталі, што прыйшлі з вобшукам да брэсцкага журналіста Максіма Хлябца. Відаць, учарашнія падзеі яшчэ працягваюцца. Каб мне сказалі пра такое год таму, я б сказаў, што вы выдумляеце.
Трэба адзначыць, што наступ на незалежныя СМІ не сёння пачаўся. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца 32 журналісты, некаторых выціснулі з краіны завядзеннем крымінальных спраў.