Пазычыць грошы пад працэнты? Альбо прадаваць нырку?

Шок і адчай — у такой сітуацыі знаходзяцца зараз людзі, якіх «кінулі» з будаўніцтвам жылля. Большасць поўнасцю аплацілі кватэры па аблігацыях, аднак засталіся ні з чым. На забудоўшчыка завялі крымінальную справу, а новыя гаспадары даўгабуду зноў патрабуюць грошы.

ea926eb289553777756f3a9bbafe02c2.jpeg

У будаўніцтва двух дамоў на вуліцы Багдановіча ў Мінску (ЖК «Аркадыя») уклалі грошы 640 сем’яў. А кампанія «Тамбаз» пусціла гэтыя сродкі на іншыя мэты — будаўніцтва іншага жылога дома, аплату будматэрыялаў і мантажных прац на другіх аб’ектах. Узвядзенне дамоў распачалося, а разам з тым і будаўніцтва паркінгаў, гандлёвых і офісных памяшканняў. Аднак на гэтым фінансы скончыліся, і будоўля летам 2017 года спынілася.

Крымінальную справу на экс-гендырэктара СТАА «Тамбаз» Льва Хаюціна завялі напрыканцы 2017 года. Да таго часу ў кампаніі ўжо змянілася кіраўніцтва. Хаюцін пакінуў пасаду і (як і яго дачка) прадаў свае долі ў кампаніі.

6 лістапада ўказам Лукашэнкі быў прызначаны новы заказчык — дзяржаўнае прадпрыемства Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) Савецкага раёна Мінска. На сустрэчы з пацярпелымі ўладальнікамі аблігацый прадстаўнікі адміністрацыі заявілі: плаціць за дабудову дамоў давядзецца ўсім. Хто гэтага не зробіць — кватэр не пабачыць. Кошт пакуль не вызначаны.

«Нам папросту выставяць рахунак — яшчэ раз. Другі раз пабудаваць кватэру», — паведаміла Вольга, уладальніца аблігацый «Тамбаза». Разам з іншай пацярпелай, Таццянай, яна ўдзельнічала ў сустрэчы ўладальнікаў аблігацый з кіраўніцтвам адміністрацыі Савецкага раёна.

«То-бок мы плацім два разы. Спачатку мы заплацілі «Тамбазу», а зараз мы заплацім УКБ, — кажа Таццяна. — Прычым столькі, колькі ён выставіць. У нас няма выбару. Калі мы адмаўляемся — УКБ забірае гэтую кватэру і прадае другому чалавеку. Усё належыць зараз УКБ. А жыллёвыя аблігацыі зараз — гэта паперкі, сказаў нам дырэктар УКБ. А ў іх аб’ект. Мы павінны зараз купіць сваю кватэру ў УКБ».

Яшчэ адной маланкай ды громам для «пагарэльцаў» стала тое, што шмат хто з іх можа не атрымаць ніякіх страхавых выплат. Зноў жа дзякуючы «Тамбазу», які аформіў забеспячэнне аблігацый пад паручыцельства афіляваных з ім фірмаў. Як высветлілі пацярпелыя, на адзін адрас і тэлефон зарэгістраваныя тры офісы: «Тамбаз», «Інтэрфакт» і ТАА «АльТэраБуд». Вядома, напрыклад, што ў «АльТэраБуд» чыстых актываў, якімі былі нібыта «забяспечаны» выпускі жыллёвых аблігацый, значна менш, чым даўгоў і спагнанняў.

— Калі мы куплялі аблігацыі, ведалі, што ў нас ёсць банкаўскія гарантыі, — кажа Вольга. — Канкрэтна гэты выпуск аблігацый быў застрахаваны ў «Тэхнабанку». Мы пазнаёміліся з праспектам эмісіі, упэўніліся, што ўсё ў адпаведнасці з законам. Потым у «Тамбаза» скончыліся грошы, ён перастаў плаціць па банкаўскай гарантыі адлічэнні «Тэхнабанку». Пагадненне аб страхаванні разарвалі. І тады са сваёй юрыдычнай асобай, дзе «Тамбазу» належала доля, ён заключыў дамову. Страхавыя гарантыі «Тэхнабанка» былі заменены на паручальніцтва «АльТэраБуд». І працягнулася забеспячэнне гэтых жыллёвых аблігацый.

Нам пра гэта ніхто не паведаміў. Калі б я гэта ведала, я, безумоўна, была б нязгодная. Гэта парушэнне з боку «Тамбаза», якое не прызнаецца нашай дзяржавай. Мы пра гэта даведаліся, толькі калі ўжо ўсё здарылася.

Фота Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота Вольга Шукайла, TUT.BY


— У рашэнні пра ўнясенні зменаў у праспект эмісіі, калі былі заменены страхавыя гарантыі «Тэхнабанка» на паручальніцтва «АльТэраБуд», быў абзац: эмітэнт пры змене страхавога забеспячэння павінен паведаміць пра гэта ўладальніку жыллёвых аблігацый, — распавядае Таццяна. — І калі ўладальнік жыллёвых аблігацый не згодны на замену страхавога пакрыцця, то эмітэнт гэта не робіць. Без нашага ведама змянілі, нам нічога не паведамілі. Змяніў «Тамбаз». У нас быў «Тэхнабанк» — стаў «АльТэраБуд». Паручыцель адказвае ў рамках сваёй маёмасці, у «АльТэраБуд» маёмасці няма. Грошай няма. Мы звярталіся ў Дэпартамент каштоўных папераў. Усюды адпіскі, і ўсе спасылаюцца на інструкцыі — усё па законе. Мы сутыкнуліся з каласальным бязмежжам. А нам кажуць: усё ў рамках закона, ідзіце ў суд.

— Палова сем’яў трапілі ў такую сітуацыю, — кажа Вольга. — У нас аказаліся паручыцелі, у якіх няма ні рэальнай маёмасці, ні грошай, — нічога. Мы ўжо звярнуліся да гэтых арганізацый, якія з’яўляюцца паручыцелямі па дамовах (у нас «АльТэраБуд», ёсць «Інтэрфакт» і іншыя). Зараз мы будзем чакаць, што нам адка­жуць. Калі нам адкажуць, што яны не могуць выплаціць нам грошы, мы павінны звяртацца ў суд, заплаціць 5 працэнтаў пошліны дзяржаве ад сумы, якая спаганяецца, і чакаць. Калі ўсе звернуцца з іскамі да «АльТэраБуд» — фірма прызнае сябе банкрутам. І мы станем у пятую чаргу. Таму што ў першую чаргу становяцца працаўнікі па заробку, потым дзяржава, потым яшчэ хтосьці, а мы па каштоўных паперах ідзем пятай чаргой. Спачатку задавальняюцца патрабаванні першай чаргі, потым другой, трэцяй... То бок нам нічога не застанецца. Мы застанёмся ні з чым. Мы застанёмся пацярпелымі.

Астатнім сем’ям пашанцавала крыху больш. Тым, у каго забеспячальнікамі засталіся страхавыя кампаніі. Яны могуць спадзявацца на страхавое пакрыццё, але толькі ў памеры намінальнага кошту аблігацый. У розныя перыяды людзі набывалі аблігацыі па кошце ад 900 да 1400 долараў за штуку (па кошце квадратнага метра жылля). А намінальны кошт вагаўся ад 480 да 660 рублёў за аблігацыю. То бок, па страхоўцы яны могуць атрымаць 25–30 працэнтаў ад сумы, якую ўклалі ў аблігацыі.

«У іх будзе задатак на даплату кватэры, калі страхавая кампанія выплаціць намінальны кошт, — кажа Вольга. — Таму што аблігацыі застрахаваныя пад намінал. Калі плацілі па 1200 долараў — вернуць максімум 610 рублёў, 300 долараў. Але яны таксама прыйдуць ва УКБ і зноў купяць сваю кватэру. Другі раз. І будуць дабудоўваць. Людзям, у якіх няма сродкаў, лепш, чым згубіць усё, хоць частку вярнуць. То-бок будуць улазіць у пазыкі, браць крэдыты, пазычаць у знаёмых. А потым будуць прадаваць кватэры, каб аддаваць даўгі».

«Трэба дабудаваць, каб хоць штосьці вярнуць. Калі ты не будуеш — ты адмаўляешся ад кватэры. Табе ніхто нічога не кампенсуе», — кажа Вольга.

«У студзені 2013 года, з улікам курса долара, я заплаціла за аблігацыю 900 долараў — кошт квадратнага метра кватэры. Зараз, калі б у мяне была страхавая кампанія, я б атрымала 480 рублёў, 230 долараў. Але я наогул нічога не атрымаю. Таму што ў мяне дамова паручальніцтва», — распавядае жанчына. «Колькі нам УКБ выставіць? Невядома. Як палічыць, як захоча. Паводле сціплых ацэнак — мінімум 500 долараў за квадратны метр. Калі ў мяне 41 метр, то мне трэба даплаціць 20 тысяч долараў. Але ў мяне яшчэ 4 метры гаўбца — па камерцыйным кошце. Бо яшчэ ж у нас «Тамбаз» змяніў праект. І сям-там намаляваліся лішнія метры. Мне дадалі балкон, пра які я не прасіла. УКБ патрабуе дакупіць яго па камерцыйным кошце. Які камерцыйны кошт? Я не ведаю. Можа, мне выставяць па 1200 долараў?» — распавядае Вольга.

Паводле яе падлікаў, яна павінна будзе даплаціць мінімум 25 тысяч долараў. «Гэтыя грошы трэба будзе знайсці. Калі браць крэдыт — трэба будзе плаціць працэнты банку. Каб на працягу двух-трох гадоў кватэру дабудаваць, потым прадаць, потым аддаць даўгі. Бо я са сваім даходам не магу сабе дазволіць мець такія даўгі. І зноў у мяне не будзе кватэры», — кажа жанчына.

3df12ac96283de607f9e39d46499a517.jpeg


Варыянты дабудовы без даплаты ўладальнікаў акцый, якія ў поўным аб’ёме выкупілі свае кватэры, улады не ўзялі пад увагу. Напрыклад, з выкарыстаннем бюджэтнай пазыкі, што павінна быць пагашаная за кошт сродкаў «Тамбаза», які не выканаў свае абавязацельствы. Пацярпелыя прапаноўвалі дабудоўваць за кошт маёмасці забудоўшчыка, перадаць яго актывы ў кошт аплаты завяршэння будоўлі. Але прапанову людзей хаця б зменшыць для іх даплату за кошт продажу камерцыйных плошчаў, на будаўніцтва якіх «Тамбаз» траціў іх грошы, чыноўнікі не прынялі ў разлік.

«У праспекце эмісіі жыллёвых аблігацый было напісана, што грошы будуць выдаткоўвацца на будаўніцтва жылых дамоў, — кажа Вольга. — «Тамбаз» за тыя сродкі, што былі прыцягнуты на будаўніцтва жылой часткі, будаваў і аўтастаянкі, і гандлёвыя, і адміністрацыйныя памяшканні. Ён будаваў іх за нашы грошы. І гэтыя выдаткі нам ніяк вяртацца не будуць».

Адхілены ўсе патрабаванні пацярпелых: без даплат — камерцыйны кошт у залік — продаж маёмасці «Тамбаза». І пралазы ў законе, як адзначаюць уладальнікі акцый, дазваляюць рабіць махлярствы. Забудоўшчык можа марнаваць атрыманыя грашовыя сродкі не па мэтавым прызначэнні.

«Чаму гэта ўсё адбылося? Хаюцін быў пачынальнікам асацыяцыі забудоўшчыкаў Рэспублікі Беларусь. І гэта ён пралабіяваў указ прэзідэнта, што дазволіў будаўніцтва шляхам размяшчэння жыллёвых аблігацый. Каб было такое будаўніцтва, па якім поўнасцю адсутнічае кантроль за мэтавым расходаваннем грашовых сродкаў. Поўнасцю. Няма ніякага спецрахунку, на які залічаюцца грошы і якія потым з гэтага рахунку можна выдаткоўваць толькі ў мэтах будаўніцтва канкрэтнага аб’екта. Такога няма. У праспекце эмісіі напісана, на што ён выдаткоўвае нашы грошы, але кантролю няма. Грошы сышлі з рахунку — і сышлі. І ўсё», — лічыць Вольга.

Аналагічныя схемы выкарыстоўваюцца не ўпершыню. Прыклад — кампанія «Валынь» і яе скандальны даўгабуд па жыллёвых аблігацыях у Мінску на вуліцы Валгаградскай. «Даплаты» — 1500 рублёў за адзін «квадрат». Новым заказчыкам там таксама стала УКБ Савецкага раёна. «Мы ваявалі паўтара года, а атрымалі па факце другую «Валынь», — кажа Таццяна. — Ёсць тыповая дамова пра змену забудоўшчыка. Той жа Трушчанка (кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна. — рэд.) сказаў, што «ў нас ёсць прэцэдэнт — у нас ёсць «Валынь». Мы будзем працаваць як па «Валыні».

Геаграфія зваротаў уладальнікаў аблігацый сягае да такіх ведамстваў, як КДБ, Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, пракуратура. Чатыры відэазвароты былі адрасаваныя кіраўніку дзяржавы.

«Былы дырэктар «Тамбаза» пад следствам. Мы прызнаныя пацярпелымі. Гэта проста словы. Больш нам ніхто не дапамагае. Вылазяць такія праблемы, з якімі кожны дзень сутыкаешся, і ты безабаронны. Куды б мы ні пісалі лісты, ва ўсе інстанцыі — адпіскі пішуць пад капірку. З іншага боку, хто павінен несці адказнасць? Я як спажывец набыла жыллёвыя аблігацыі пад гарантыі дзяржавы, афіцыйна заплаціла грошы, у мяне ёсць усе дакументы. І я хачу атрымаць сваю кватэру! У дэпартаменце (па каштоўных паперах. — рэд.) мне казалі, што ўсё пад кантролем, усё законна. Я не купіла нейкія паперкі ў суседа, і я не купіла ў прыватніка нейкі кавалак агарода. Дзяржава дала зямлю на будаўніцтва, выдала ўсе дакументы на дазвол, ліцэнзію, дазволіла эмітаваць жыллёвыя аблігацыі. Тады наогул які сэнс у такіх будаўніцтвах-латэрэях?» — задаецца пытаннем жанчына.

«Раённая адміністрацыя адказала ў вочы: самы надзейны спосаб — купля гатовай кватэры. Тады заканадаўча забараніце продажы ў недабудаваных дамах! Забараніце долевае будаўніцтва і будаўніцтва жыллёвымі аблігацыямі. Вазьміце на сябе будоўлю кватэр, зрабіце, каб не было спакусы для камерсантаў, якія зарабляюць на падмане. Няхай УКБ будуюць. Няхай «Тамбаз» сам уклаў бы 10 мільёнаў долараў, пабудаваў дом і потым прадаў. А не ствараў такія мыльныя бурбалкі ў выглядзе жыллёвых аблігацый. А потым нас яшчэ і вінавацяць: «Вы самі вінаватыя», — сказаў нам Трушчанка. У абарону нашых правоў ніхто не адрэагаваў, і ніхто нам не хоча дапамагчы. Заканадаўства працуе не на звычайных грамадзян, а на інтарэсы чыноўнікаў і камерцыйных структур. Я проста абурана тым бязмежжам, з якім я сутыкнулася ў будаўнічай сферы. Дзе ёсць, вось як у нас, будаўнічая піраміда. Як аказалася, мы дабудоўвалі папярэднія дамы «Тамбаза». Мы апошнія. Гэта называецца будаўнічая піраміда».

Фіяска з будаўніцтвам прынесла цяжкія наступствы для людзей. Некаторыя, каб купіць аблігацыі, прадалі свае кватэры і пераехалі на здымнае жыллё. Бралі крэдыты, залазілі ў пазыкі.

«Гэта проста страшна, — кажа Таццяна. — Мне пагражае даплата каля 35 тысяч долараў — мінімальная (66 квадратаў у мяне). У нас няма страхоўкі, выплат па ёй не будзе. Зараз я павінна думаць: альбо я пазбаўляюся кватэры, купленай за 60 тысяч долараў, альбо я недзе знаходжу 35 тысяч долараў. Прадаю аўтамабіль, бяру крэдыт, пазычаю ў знаёмых... Не ведаю, дзе мне ўзяць. У мяне крэдыт ужо ёсць, я ўзяла яго, каб пабудаваць кватэру. І на якую суму яшчэ дадуць? Альбо пазычыць грошы пад працэнты. Альбо прадаваць нырку. Што хочаш проста рабі — альбо заставайся без кватэры! І ўсё — у межах закона!»

Як стала вядома з матэрыялаў праверкі Камітэта дзяржкантролю, СТАА «Тамбаз» не толькі пусціў грошы людзей на будаўніцтва камерцыйных плошчаў і іншых аб’ектаў. Частку забудоўшчык вывеў з абаротных сродкаў, а таксама рэалізаваў жыллёвыя аблігацыі афіляваным асобам па заніжаных коштах.

У будаўніцтве склалася злачынная схема, лічаць пацярпелыя. Штучна ствараецца недабуд (па розных прычынах: крадзеж, нямэтавае выкарыстанне грошай, зацягванне будаўніцтва), пасля перадаецца дзяржзабудоўшчыку, які падначалены мясцовай выканаўчай уладзе. А з грамадзян пры гэтым спаганяюцца дадатковыя грошы на завяршэнне будоўлі. Прымяненне такой схемы прыводзіць да абагачэння забудоўшчыкаў, а таксама чыноўнікаў, якія іх пакрываюць.

11 снежня людзі зноў звярнуліся да кіраўніка дзяржавы — напісалі ліст, спадзяюцца, што дапаможа. Увесь кошт дабудовы жылля, як адзначылі падпісанты, ім паўторна выставяць на аплату. Паводле ацэнак пацярпелых, памер складзе ад 30 да 50 працэнтаў ужо ўнесеных імі сум. Вялікая колькасць людзей, у тым ліку тых, хто мае не пагашаныя крэдыты, сем’і з дзецьмі, не змогуць унесці даплаты на завяршэнне будаўніцтва. А значыць, згубяць свае кватэры і грошы. Людзі просяць Лукашэнку «асабіста паўплываць у сітуацыю і тэрмінова прыняць захады па абароне інтарэсаў грамадзян».