«Перамены прыйдуць нашмат хутчэй, чым мы іх чакаем». Вольга Карач — пра сыход Лукашэнкі

«У мяне цяпер дзве палітычныя амбіцыі. Першая — Лукашэнка павінен сысці. Другая амбіцыя — мы ствараем падмурак для новай, дэмакратычнай Беларусі. І гэта пачалося яшчэ да сыходу Лукашэнкі», — расказала .Вольга Карач «Свабодзе».

d6b24103_22a1_4ce6_b484_de7ed5342d5c_cx0_cy20_cw0_w1023_r1_s.webp


Палітык, кіраўніца міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» Вольга Карач — пра галоўныя пазітыўныя і негатыўныя вынікі 2020 году, старую і новую апазіцыю, а таксама пра беларускія перспектывы ў 2021 годзе.

Асноўныя тэзісы:

Гэта год даў шмат надзеі, якой не было гэтыя 26 гадоў. Веру, што ўзімку ўсё вырашыцца, і многія людзі змогуць вярнуцца дадому і абняць сваіх блізкіх.

Я лічу сябе старой апазіцыяй. Ідзе дэвальвацыя, непрыняцце вопыту людзей, якія былі да гэтага. Я з гэтым часта сутыкаюся і спрабую патлумачыць, як важна выкарыстоўваць досвед пакаленняў, якія былі да гэтага.

Лукашэнка вельмі моцна абапіраецца на свой мінулы вопыт — што працавала, а што не, што давала поспех. А апазіцыя, на маё здзіўленне, кожную прэзідэнцкую кампанію пачынае нібыта з нуля, як быццам не было людзей, якія змагаліся, якія былі ў турмах, якія галадоўку абвяшчалі ў Вярхоўным Савеце. Быццам перад кожнай кампаніяй нехта прыходзіць і анучай выцірае памяць апазіцыйных сілаў, і ўсё пачынаецца нанава.

Трэба асэнсоўваць, чаму раней не атрымлівалася. У апазіцыйных сілаў бракуе рэфлексіі. Гэтага бракуе і штабу Святланы Ціханоўскай. Там было б усё больш паспяхова і хутка, каб абапіраліся на досвед людзей, якія былі да гэтага, чым набіраць гэты масавы вопыт з нуля.

Ёсць розныя падыходы цяпер у апазіцыі, але ў публічнай сферы ўсе дэманструюць адзінства, людзі з рознымі падыходамі ідуць адной і той жа стратэгіяй.

Гвалт быў і раней, але не ў такой колькасці. Галоўная праблема ў тым, што грамадства, якое сутыкнулася з гвалтам, аказалася не гатова, не ведае, як адказваць, як з гэтым змагацца негвалтоўнымі метадамі.

У мяне цяпер дзве палітычныя амбіцыі. Першая — Лукашэнка павінен сысці. Другая амбіцыя — мы ствараем падмурак для новай, дэмакратычнай Беларусі. І гэта пачалося яшчэ да сыходу Лукашэнкі.

Глыбінны працэс трансфармацыі беларускага грамадства ідзе ўсюды, у тым ліку ў справе дасягнення гендарнай роўнасці. Твар пратэсту — жаночы. Гэтая рэвалюцыя нарадзіла шмат жанчын-лідараў. Самае галоўнае — адбылося пераасэнсаванне ролі жанчыны.

Будзе не толькі сыход Лукашэнкі, а будзе перагляд усіх мадэляў, шмат што будзе змяняцца ў заканадаўстве. Людзі да гэтага саспелі.

Галоўны вынік году — грамадства змагаецца. Людзі сказалі, што будуць змагацца, пакуль Лукашэнка не сыдзе. Гэта дае надзею, што ў наступным годзе Беларусь будзе дэмакратычнай краінай.

Я загадаю на Новы год, каб Лукашэнка сышоў як мага хутчэй. Перамены прыйдуць нашмат хутчэй, чым мы пра іх думаем і чым мы іх чакаем.