Перформанс каля будынку Брэсцкага аблвыканкаму (фота)
Перфоманс з акрываўленымі рукамі адбыўся на прыступках Брэсцкага аблвыканкаму. Прымаў удзел у ім адзін чалавек — актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Алесь Чаркашын.
— У старажытныя часы, калі Гасподзь штосьці хацеў сказаць свайму народу, ён пасылаў туды свайго прарока, і той гаварыў ад яго імя. Гаварыў і паведамляў Гасподнюю волю. Звычайна гэта адбывалася ў нейкім цэнтральным месцы горада. Беларусь чакае беспрацоўе і разруха, калі ніхто не пакаецца.
Акцыя пачалася а 15:00 гадзіне і цягнулася 10 хвілін. Алесь Чаркашын выступіў у вобразе пакутніка біблейскіх часоў у вопратцы і пафарбаванымі ў чырвоны колер рукамі, якія былі абцягнутыя ланцугом. Як стала вядома ад Змітра Шурхая, паплечніка Алеся, актывіста затрымалі і зараз ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Брэста.
* * *
Грамадскі актывіст Алесь Чаркашын правёў перформанс каля будынку абласнога выканаўчага камітэта на плошчы Леніна ў Брэсце. Сутнасць акцыі — данесці людзям, што змены ў Беларусі магчымыя толькі праз мараль і пакаянне, — перадае карэспандэнт Радыё Рацыя Яўген Скрабец:
— Ён быў апрануты ў біблейскую вопратку. Нешта нагадвала персанаж 2000-гадовай даўніны. Рукі былі пафарбаваныя ў чырвоную фарбу і абматаныя ланцугом. Яго лёс невядомы, бо перформанс скончыўся, і яму ўдалося сысці. З будынка аблвыканкаму выйшаў міліцыянт з пытаннем: што вы тут робіце? І пачуўшы адказ, ён вярнуўся ў будынак. Але ў некалькіх кварталах ад плошчы Леніна, каля будынку расійскага консульства, да перформера падышоў ахоўнік консульства, і цяпер невядома, ці быў хлопец затрыманы. Бо ён застаўся і пачаў гутарыць з тым міліцыянтам-ахоўнікам.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара