У Брэсце забаранілі канцэрт праекту «Тузін. Немаўля»
Пасля тыдняў перамоваў кіраўніцтва Брэста ў асобе намесніка старшыні Генадзя Барысюка і кіраўнічкі аддзелу ідэалагічнай працы Алы Старыкевіч забараніла правядзенне канцэрту праекту «Тузін. Немаўля».
Імпрэза планавалася на 15 снежня ў мясцовым Доме культуры. Меркавалася паказаць класіку беларускага нямога кіно — стужку рэжысёра Уладзімера Корша-Сабліна ў жывым суправаджэнні гурта Re1ikt, які напісаў музыку да гэтага фільму.
Канцэрт прайшоў узгадненне з начальнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкаму Сяргеем Панасюком, які выказаў гатоўнасць прадаставіць пляцоўку для канцэрту.
Аднак на пачатку тыдня сваю рэзкую нязгоду выказала ідэалагічнае ўпраўленне гораду, паведамляе сайт tuzin.fm. Кіраўнічка аддзелу Ала Старыкевіч захвалявалася наконт аўтарскіх правоў на стужку. Арганізатары канцэрту папрасілі прадстаўнікоў Дзяржфільмафонду Расіі (там захоўваецца арыгінал стужкі) напісаць ліст у Брэст наконт таго, што яны праект падтрымліваюць і правы на фільм не аспрэчваюць.
Тады ў спадарыні Старыкевіч паўсталі пытанні да ідэалагічнага складніка стужкі. Ідэолагаў насцярожыла тое, што ў стужцы фігуруе персанаж Булак-Балаховіч, а таксама чальцы Рады БНР. У нефармальных размовах яны прызналіся, што засцерагаюцца палітыкі і таму не хочуць даваць дазвол на правядзенне такога мерапрыемства. Намеснік старшыні гарадскога выканкаму Генадзь Барысюк чамусьці пацікавіўся ў кіраўніка праекту «Тузін. Немаўля» Сяргея Будкіна, ці будуць прысутнічаць сябры партыі БНФ (?!).
Гарадское чыноўніцтва трымала абарону да самага апошняга. Не дапамагло нават умяшальніцтва Міністэрства культуры Беларусі, прадстаўнік якога Уладзімер Лісоўскі асабіста тэлефанаваў у Брэст. Справа ў тым, што праект «Тузін.Немаўля» быў прадстаўлены ў межах апошняга кінафестывалю «Лістапад», які праводзіўся якраз пры падтрымцы Міністэрства культуры.
Па выніку за два дні да правядзення меркаванага канцэрту, яго арганізатарам было канчаткова адмоўлена.
«У мяне склалася ўражанне, што чыноўнікі, адказныя за культуру ў Брэсце,, шчыра і аддана ненавідзяць гэтую самую беларускую культуру. Мусіць, гэта той выпадак „перагібаў“ на месцы, бо наш праект быў зацьверджаны ў Міністэрстве культуры і паказаны на фестывалі „Лістапад“. Магчыма, проста гэтыя людзі, маю тут на ўвазе найперш кіраўнічку аддзелу ідэалагічнай працы Алу Старыкевіч і намесніка старшыні Брэсцкага гарвыканкаму Генадзя Барысюка, знаходзяцца не на сваім месцы, бо замест таго, каб спрыяць рэалізацыі творчых ініцыятываў у горадзе, яны ўсяляк перашкаджаюць гэтаму», — зазначыў кіраўнік праекту «Тузін.Немаўля» Сяргей Будкін.