Брэсцкія актывісты "Гавары праўду!" гарантуюць аднаўленне дзіцячага гарадка ў мікрараёне Усход

Брэсцкія актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" у выпадку іх перамогі на мясцовых выбарах гарантуюць жыхарам горада аднаўленне дзіцячага гарадка ў мікрараёне Усход. Аб гэтым заявіў актывіст кампаніі Ігар Маслоўскі, каментуючы адказ, атрыманы з Брэсцкага гарвыканкама, куды быў накіраваны калектыўны зварот жыхароў горада наконт аднаўлення дзіцячага гарадка.



havary_praudu.jpg

Маслоўскі нагадаў, што падставай для звароту стала тое, што тэрыторыя ў раёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, побач з якім размяшчаўся гарадок, знаходзіцца ў поўным запусценні. Практычна ўсё абсталяванне гарадка, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў жыхароў мікрараёна, асабліва ў дзяцей, цяпер разбурана і знішчана.

У дакуменце, пад якім актывісты "Гавары праўду!" сабралі больш чым тысячу подпісаў, прапаноўвалася аднавіць дзіцячы гарадок у ранейшых межах, абсталяваць яго сучаснымі гульнёвымі комплексамі з якасных і экалагічна чыстых матэрыялаў, у прыватнасці ўстанавіць яркія маляўнічыя горкі, лесвіцы, арэлі і іншае гульнёвае, а таксама спартыўнае абсталяванне. Акрамя таго, у звароце гаварылася аб неабходнасці ўнесці расходы на будаўніцтва дзіцячага гарадка ў праект бюджэту на 2014 год і, адпаведна, іх зацвердзіць.

Паводле слоў Маслоўскага, у сваім адказе гарвыканкам паведаміў, што планамі добраўпарадкавання горада на базе існуючага фізкультурна-аздараўленчага комплексу і тэрыторыі дзіцячага гарадка прадугледжваецца стварэнне шматфункцыянальнага сямейнага водна-забаўляльнага комплексу пад назвай "Гарадскі курорт".

Згодна з распрацаванымі праектамі, плануецца пашырэнне будынка комплекса пад сучасны водна-забаўляльны цэнтр сямейнага тыпу, аснашчаны басейнамі, аквапаркам, СПА-цэнтрам, боўлінгам, спартыўнымі заламі, барамі і кафэ. На тэрыторыі аўтастаянкі і рэкрэацыйнай зоны "Дзіцячы гарадок" плануецца пабудова крытага боўлінга, сценкі для скалалазаў, кафэ для дзяцей і дарослых, а таксама розных гульнёвых пляцовак, тэнісных кортаў, валейбольнай пляцоўкі, адкрытага лядовага катка.

"Ідэя цудоўная, паколькі фізкультурна-аздараўленчы комплекс і гэтая тэрыторыя даўно патрабуюць капітальнай рэканструкцыі. Але пакуль гэта ідэя, на рэалізацыю якой мясцовыя ўлады толькі шукаюць інвестара, — адзначыў Маслоўскі. — Але зразумела, што калі інвестар укладзе ў гэты праект свае сродкі, а гэта не менш чым 10 млн. долараў, то адпаведна ўсе паслугі будуць платнымі".

Пры гэтым ён выказаў занепакоенасць тым, што на гэтым месцы можа быць пабудаваны чарговы супермаркет або казіно.

"Мы ж прапаноўвалі аднаўленне дзіцячага гарадка, у якім можна будзе адпачываць бясплатна. І калі на мясцовых выбарах 2014 года нашы прадстаўнікі перамогуць, то на працягу двух гадоў у жыхароў Брэста будзе такі дзіцячы гарадок", — заявіў актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".

Ларыса Шыганава, БелаПАН