Польская мова ў Беларусі пад негалоснай забаронай
Улады Ваўкавыскага раёна забараняюць факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў дзяржаўных школах.

Адзінай установай, дзе мова нацменшасці гучыць легальна, з’яўляецца школа з польскай мовай навучання ў Ваўкавыску. А ў раённых школах адміністрацыі пад пагрозай звальнення забаронена
арганізоўваць гурткі польскай мовы. Адзінае выключэнне – платныя заняткі, кошт якіх — чатыры даляры за гадзіну.
Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Мечыслаў Яскевіч называе гэта дыскрымінацыяй: — Праблемы можна стварыць розныя. Толькі жаданне мусіць быць для гэтага. Па-мойму,
ганебным ёсць тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гаворыць пра навучанне роднай мове, пра права дзіцяці, а ў рэчаіснасці — усё зусім інакш. І для мяне таксама незразумелым ёсць тое, што
трэба вучыцца роднай мове за грошы ў школе.
Забарона факультатыўнага вывучэння польскай мовы ў Ваўкавыскім раёне тлумачыцца вялікай колькасцю жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю ў суседняй Польшчы. Мясцовыя ўлады, заклапочаныя такой
тэндэнцыяй, вырашылі кардынальна палепшыць сітуацыю і прымусіць моладзь заставацца на радзіме.
Паводле "Радыё Рацыя"