Польскія дэпутаты патрабуюць увесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і падтрымаць польскую супольнасць

Сёння Камісія замежных спраў і Камісія па сувязях з палякамі за мяжою зрабілі заяву ў польскім Сейме. На супольным пасяджэнні была заслуханая справаздача міністра замежных спраў аб стане палякаў у Беларусі — з улікам дзеянняў улад у дачыненні Саюзу палякаў.

polsha_vybory_1.jpg

Аб’яднаныя камісіі з трывогай ацэньваюць падзеі, што адбываюцца ў Беларусі апошнія месяцы, адзначае «Белсат». У справаздачы звяртаецца ўвага на эскалацыю рэпрэсій, скіраваных супраць грамадства, у тым ліку палякаў, якія жывуць на працягу некалькіх пакаленняў у Беларусі.

У дакуменце пералічаныя:

— арышт з надуманых абвінавачанняў Ганны Панішавай, кіраўніцы Форуму мясцовых ініцыятыў Брэста і Брэсцкай вобласці, а таксама асоб з кіраўніцтва Саюза палякаў у Беларусі: старшыні Анжалікі Борыс і чальцоў кіраўніцтва СПБ — Анджэя Пачобута, Марыі Цішкоўскай ды Ірыны Бярнацкай;

— закрыццё ў Брэсце польскай школы імя Рамуальда Траўгута, а таксама правядзенне шэрагу ператрусаў і канфіскацыі абсталявання ў адукацыйных установах, якія належаць Саюзу палякаў у Беларусі ў Гродне, Лідзе і Ваўкавыску.

Аўтары дакумента звяртаюць увагу на тое, што рэжымныя ўлады Беларусі ставяць на мэце эскалацыю варожасці паміж польскім і беларускім народамі.

«Абвешчана пра перагляд і перарэгістрацыю інстытутаў, якія займаюцца курсамі польскай мовы ў Беларусі. У гэтых умовах нашы суайчыннікі ў Беларусі могуць быць практычна пазбаўленыя магчымасці рэалізаваць права на адукацыю на роднай мове і доступ да роднай культуры — што ёсць стандартам еўрапейскага права і правоў нацыянальных меншасцей, а таксама гэта жорстка парушае дамову паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь аб добрасуседстве і сяброўскай супрацы ад 23 чэрвеня 1992 г., у прыватнасці, артыкулы 13, 14, 15 і 16 гэтай дамовы».

Праца дыпламатычных і консульскіх устаноў Польшчы ў Беларусі фактычна паралізаваная, адзначаецца ў дакуменце. У выніку аднабаковых рашэнняў рэжыму Лукашэнкі свае працоўныя месцы за апошні час былі вымушаныя пакінуць 35 з 50 польскіх консулаў і дыпламатаў.

Чальцы абедзвюх камісіяў патрабуюць хутчэйшага вызвалення затрыманых і спынення рэпрэсій. Таксама дэпутаты выступаюць за актывізацыю доўгатэрміновай палітыкі падтрымкі палякаў, якія жывуць у Беларусі, і ўвядзення праграм дапамогі для рэпрэсаваных суайчыннікаў.

«Абʼяднаныя камісіі для сувязей з палякамі за мяжой і замежных спраў просяць увесці санкцыі датычна асоб (разам з іх сваякамі) з апарата ўлады, якія маюць дачыненне і бяруць непасрэдны ўдзел у рэпрэсіях супраць палякаў у Беларусі. Перш за ўсё, просім забараніць ім уезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча, а таксама на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза».