Польшча адправіла машыну з гуманітарнай дапамогай мігрантам, якия блукаюць на мяжы з Беларуссю

Як паведамілі ў Варшаве, дапамога будзе перададзена пасля атрымання згоды Мінска на перасячэнне мяжы.

58901029_303.jpg

Улады Польшчы адправілі ў Беларусь гуманітарную дапамогу для групы мігрантаў, якія блукаюць на польска-беларускай мяжы. Пра гэта паведаміў у панядзелак кіраўнік канцылярыі кіраўніка польскага ўрада Міхал Дворчык, піша ТАСС.

«Са склада Дзяржаўнага агенцтва стратэгічных рэзерваў выехаў транспарт з гуманітарнай дапамогай (палаткі, палявыя ложкі, коўдры, сродкі асабістай гігіены) для мігрантаў на тэрыторыі Беларусі. Дапамога будзе перададзеная пасля атрымання згоды беларускіх уладаў на перасячэнне мяжы», — напісаў ён у Twitter.

Складаная сітуацыя склалася на польска-беларускай мяжы недалёка ад польскага населенага пункта Уснаж-Гурны ў Падляскім ваяводстве на ўсходзе краіны. Каля 30 мігрантаў вандруюць там пад аховай сілавых структур дзвюх краін ужо 15 дзён. Уцекачы з Афганістана спрабавалі нелегальна перасекчы польскую мяжу, але ім перашкодзілі памежнікі. Польскія ўлады паказваюць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Цяпер з аднаго боку мяжы іх ахоўваюць узброеныя супрацоўнікі беларускіх сілавых структур, не даючы вярнуцца ў Беларусь, а з другога — польскія памежнікі, не дазваляючы прайсці ў Польшчу.

У нядзелю польскія ўлады прапанавалі беларускаму боку адправіць на мяжу гуманітарную дапамогу, пагадзіўшыся даставіць яе толькі праз бліжэйшы памежны пункт пропуску праз тэрыторыю Беларусі.